Беларуская ініцыятыва BySol працягвае сваю працу. “Мы па-ранейшаму дапамагаем людзям, але і нам самім цяпер патрабуецца падтрымка”, – распавядае Госць Рацыі, медыя-менеджар BYSOL Антось Жукаў. Пра цяперашнія накірункі дзейнасці, апошнія зборы і рэарганізацыю працы ён распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Якія зараз найбольш важныя зборы вы ладзіце?
Антось Жукаў: Вельмі важным усё ж такі для нашай арганізацыі з’яўляецца, калі мы ўжо кажам пра сябе, то гэта камандны збор на нашу дзейнасць. Таму што мы бачым, якія турбулентныя часы, якая сітуацыя ў ЗША, у Еўропе, даволі нестабільная сітуацыя геапалітычная і, безумоўна, складаней атрымліваць фінансаванне, таму мы заклікаем таксама беларусаў падтрымліваць і нашу дзейнасць, каб мы маглі і надалей эвакуяваць людзей з Беларусі, дапамагаць ім. Калі казаць пра персанальныя зборы, зборы для людзей, якія да нас звяртаюцца, магу адзначыць некалькі кейсаў, якія для мяне маюць эмацыйна вялікае значэнне – гэта, напрыклад, збор для Мікіты Лосіка – брата Ігара Лосіка, якога абвінавацілі ў тым, што ён перадаваў дадзеныя ў “Беларускі Гаюн”. У нас атрымалася яго эвакуяваць з Беларусі. Зараз адкрыты збор, засталося літаральна 500 еўра, калі слухачы Радыё Рацыя гатовыя, далучайцеся, калі ласачка. Таксама вельмі эмацыйны і цікавы збор зараз адкрыты на сям’ю беларускую, якую мы таксама эвакуявалі, гэта адразу чатыры чалавекі – маці гэтай сям’і завуць Алена. Мы забралі адразу чатыры чалавекі, таму што спецслужбы Беларусі пагражалі маці, што яны забяруць дзяцей, калі яна не здасць сваю дачку, якая знаходзіцца ў Польшчы. І безумоўна, вельмі складана таксама адаптавацца цэлай сям’і ў замежжы, таму падтрымайце, калі ласка, фінансава іх. Збор на сайце BYSOL.
РР: Чаму сілавікам важна вяртаць тых людзей, якія з’ехалі?
Антось Жукаў: Складана сказаць. Тут насамрэч усё даволі індывідуальна. Магчыма, гэта нейкія галачкі, усё ж такі зорачкі на пагонах гэтых людзей. Часамі іх цікавяць канкрэтныя актывісты, якія займаюцца канкрэтнымі праектамі, і безумоўна, яны гатовыя шмат аддаць за тое, каб атрымаць гэтага чалавека ў свае рукі, атрымаць карысную інфармацыю. І не заўсёды для нас гэта так відавочна. Мы бачым, напрыклад, як сілавікі пераследуюць удзельнікаў Каардынацыйнай рады. Здавалася б, што гэты орган не прымае нейкіх лёсавызначальных рашэнняў, што няма супервялікага ўплыву, бо на апошніх выбарах прагаласавала літаральна 6 тысяч чалавек. Аднак мы бачым, што любы чалавек, які прымае ўдзел у дзейнасці КР, ён адразу трапляе ў фокус увагі сілавікоў. Таму не заўсёды відавочна, чаму сілавікі цікавяцца кімсьці, але яны вельмі і вельмі ўважліва сочаць за тым , што адбываецца тут, у замежжы.
Нагадаем, у жніўні фонд BySol адзначыў 5-годдзе сваёй дзейнасці.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






