BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рамашэўска-Гузы патрабуе спыніць паклёп на сябе і сваіх былых калег

Экс-дырэктарка тэлеканала “Белсат” патрабуе спыніць паклёп на сябе і сваіх былых калег, а таксама апублікаваць на партале Польскага грамадскага тэлебачання (TVP) прабачэнні. Пра гэта Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Напярэдадні ў польскіх СМІ са спасылкай на кіраўніцтва TVP з’явілася інфармацыя, быццам экс-кіраўніцтва “Белсата” вінавацяць у фінансавых махінацыях. Паводле Рамашэўскай, абвінавачванні на яе адрас у крадзяжы грошай, выстаўленні фальшывых рахункаў за ІТ-паслугі ды іншых супрацьпраўных дзеяннях з’яўляюцца беспадстаўнымі. Яна мяркуе. што такія абвінавачанні запалохваюць “людзей, якія верылі ў Польшчу і давяралі польскай дапамозе”, а гэта “грае на руку рэжыму Лукашэнкі”. Рамашэўска піша, што “Белсат” не атрымаў ад TVP сродкі на абарону свайго сайта ад знешніх атак. Таму тэлеканал быў вымушаны ствараць адпаведную сістэму з прыцягненнем знешніх паслуг. Таму, кажа яна, заявы пра нямэтавае выкарыстанне сродкаў з’яўляюцца беспадстаўнымі. Таксама Рамашэўска дадае, што ўсе кантракты і замовы, у якіх вінавацяць былое кіраўніцтва “Белсата”, былі аплачаныя ў згодзе з працэдурамі кампаніі TVP і “звычайна праходзілі і праз іншыя падраздзяленні кампаніі”.

* * *

Паводле звестак польскага радыё «Zet», ліквідатар TVP падаў у акруговую пракуратуру Варшавы заяву аб фінансавым злоўжыванні былой дырэктаркі «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы. Справа тычыцца аплаты за ІТ-паслугі.

Дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў гэта: “У мяне няма ніякай інфармацыі пра нібыта злоўжыванні пры замове IT-паслугаў «Белсатам»… Перакананы, што адпаведныя дзяржаўныя органы гэта пацвердзяць. Агнешка Рамашэўская-Гузы перадала медыям заяву, у якой абурылася распаўсюдам інфармацыі пра падазрэнні ў злоўжыванні і «абсурднай» сумай 7 млн злотых нібыта нанесенай шкоды.” Рамашэўская-Гузы патрабуе спыніць публікацыі аб меркаваных злачынствах без судовай праверкі.

Беларускае Радыё Рацыя