На Берасцейшчыне працягваюцца суды за падзеі чатырохгадовай даўніны. Так у горадзе Пінску цягам бліжэйшага тыдня адбудзецца адразу два судовыя паседжанні.

Суды будуць мець адзіночны характар і пройдуць ужо заўтра, 12 лістапада, а таксама ў бліжэйшы чацвер, 14 лістапада. Справы за акцыі пратэсту 2020 года ў раённым цэнтры былі заведзеныя ў адносінах да Сяргея Казака і Максіма Леўша адпаведна.
Гэтыя асобы абвінавачваюцца па артыкуле 342 ч.1 Крымінальнага кодэкса або “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны ўдзел у іх”. Выкарыстоўваецца фармулёўка – “выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, выходзілі на праезную частку”.
Справу ў адносінах да Сяргея Казака 12 лістапада а 14:30 пачне разглядаць суддзя Вольга Лубнік, а справа ў адносінах да Максіма Леўша будзе разгледжаная 14 лістапада суддзёй Ігарам Клімовічам, пачатак – а 10-й раніцы.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя