BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На экс-прарэктарку ВНУ завялі крыміналку за грашовыя пераводы палітвязням

Упраўленне Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы супраць 63-гадовай жыхаркі Берасця. Ёй прад’явілі абвінавачанне ў “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці” і ўзялі пад варту. Матэрыялы справы перадалі пракурору для накіравання ў суд.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка ідзе пра палітзняволеную Наталлю Малец. Паводле следства, жанчына ледзь не штодня пераводзіла розныя сумы грошай на рахункі беларусаў, асуджаных паводле палітычных артыкулаў, якія знаходзіліся ў СІЗА, каб тыя маглі набыць прадукты, кнігі і інш. Агулам жыхарка Берасця, паводле следчых, зрабіла сама меней 125 паштовых грашовых пераводаў на адрас прынамсі 114 чалавек на суму больш за 1,5 тысячы рублёў.

Наталля Малец у 2021 годзе была прысуджана да “хатняй хіміі” за нібыта “абразу прадстаўніка ўлады”. Паводле беларускага заканадаўства, грашовыя пераводы асобам у зняволенні незалежна ад артыкула – цалкам законныя.

Да пенсіі жанчына працавала прарэктарам па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльным пытанням Інстытута кіраўнічых кадраў Акадэміі кіравання.

У снежні 2023-га яе ўключылі ў склад экстрэмісцкага фарміравання «Лісты салідарнасці Беларусь 2020». Гэта была фэйсбук-суполка, дзе людзі дзяліліся лістамі ад палітвязняў.