Жыхары Гомельскага раёна адзначаюць, што на яго тэрыторыі цяпер сталі часцей сустракацца расейская вайсковая тэхніка і вайскоўцы РФ.

У раёне заўважаюць новыя аўтамабілі, часцей за ўсё тэнтавыя КамАЗы. Часам – дадаткова абсталяваныя маніпулятарамі, адзначае крыніца інтэрнэт-выдання Флагшток.
Рэгістрацыйныя знакі на такіх машынах адсутнічаюць. Адзіная асаблівасць, якая дазваляе распазнаць прыналежнасць да расейскай арміі – лацінская літара V, упісаная ў квадрат.
Са слоў суразмоўцы, актыўнасць расейскіх войскаў падвысілася канкрэтна каля вайсковай базы ў Зябраўцы ў Гомельскім раёне.
Разам з тым, на дадзены момант адсутнічаюць прыкметы, характэрныя для маштабнага павелічэння расейскай прысутнасці ў памежнай з Украінай Гомельскай вобласці. Не фіксуюцца масавыя пастаўкі ваеннай тэхнікі па дарогах, чыгуначным і авіятранспартам.






