У Беларускай Радзе культуры паведамілі пра дасягненне мэты па зборы сродкаў на лячэнне народжанага ў Эстоніі беларуса Юрася Юркевіча — вядомага даследніка Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Мэта дасягнутая — 15 000 еўра сабраныя! Гэта стала магчымым дзякуючы вам: 330 чалавек зрабілі пералікі і падтрымалі Юрася ў самы цяжкі момант. Але збор працягвае працаваць і надалей, наперадзе ў Юрася працяглая рэабілітацыя, а таксама хімія- і радыётэрапія, якія патрабуюць вялікіх выдаткаў. Усе сродкі, што паступаюць на асобны рахунак Беларускай Рады культуры, будуць перададзеныя непасрэдна на лячэнне Юрасю», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.
Юрась Юркевіч усё жыццё прысвяціў працы на карысць Беларусі — ён адзін з галоўных знаўцаў вайсковых фармаванняў БНР, ініцыятар усталявання шыльдаў у гонар БНР у Таліне і Францішка Багушэвіча ў Вільні. Менавіта Юркевіч спрыяў з’яўленню важных медыйных праектаў і дапамагаў рэпрэсаваным дзеячам культуры, апошнім часам даследаваў пытанне культурніцкага вынішчэння беларускай нацыі.
Даследчык адшукаў кінаархівы Станіслава Булак-Булаховіча і фота з гісторыі Асобнага атраду БНР (выдадзеныя ў кнізе Алега Латышонка «Жаўнеры БНР»), выдаў кнігу «Балахоўцы» (выйшла як асобны нумар часопіса Arche).
Пры канцы 2025 году ў Юрася выявілі пухліну мозгу. Пасля аперацыі ён сутыкнуўся з афазіяй і парушэннем функцый правай рукі. Цяпер яму патрэбная працяглая рэабілітацыя, хімія- і радыетэрапія, што патрабуе вялікіх фізічных і фінансавых рэсурсаў.
Увесь цяжар выдаткаў ляжыць на сям’і, даходы якой ня могуць забяспечыць усё лячэнне і рэабілітацыю.






