BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“На месцы Ромы мог быць любы чалавек, але выйшаў ён”

1 жніўня – Дзень нараджэння беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі, які быў цяжка збіты ва ўласным двары на Плошчы Перамен у лістападзе 2020-га. Сёння дзеячу магло б споўніцца 35 гадоў.

Пра яго жыццё і светлыя моманты размаўляем з Госцяй Рацыі, стрыечнай сястрой Рамана – Вольгай Кучарэнкай:

-Для мяне гэта чалавек, які мне заўжды дапамагаў.  І апошняя нашая сустрэча, ці перадапошняя, апошняя ў нас была мяльком у яго дома. А перадапошняя – ён дапамагаў перавозіць мэблю. Смешны момант, калі ён нясе мэблю на сабе, рукі занятыя, яму тэлефануюць, яшчэ паралельна ён паліць і размаўляе па тэлефоне. Яму нічога не перашкаджала – ні мэбля, ні цыгарэта, ён ідзе і размаўляе.

РР: На твой погляд, чаму Рома ўключыўся ў палітычную гісторыю? Ён заўсёды быў неабыякавы да гэтай тэмы?

Вольга Кучарэнка: Не, мне падаецца, што ён ўключыўся, таму што ўключыліся ўсе. Ён уцягнуты быў прыкладна як і ўсе мы ў 2020 годзе. Па сутнасці, на ягоным месцы мог быць любы чалавек, які захацеў бы выйсці ў гэты момант. Але выйшаў ён. Таму я б не сказала, што ён быў неяк вельмі актыўна залучаны, нейкі супер змагар. Прыкладна як і ўсе, мне падаецца, як і асноўная маса людзей.  

РР: Твая рэакцыя, калі ты даведалася жудасныя навіны?

Вольга Кучарэнка: Гэта не было спантанна, як у выпадку з Тарайкоўскім. Раз – і забіты напавал. У Роміным выпадку ён яшчэ ляжаў у бальніцы, і нас ужо лекары папярэджвалі, што ўсё вельмі кепска і шанцаў вельмі мала. Таму дзесьці на нейкі адсотак я разумела, якія шанцы і так далей. Але ўсё я зразумела па рэакцыі цёці Лены, калі яна пры мне патэлефанавала ў бальніцу. Бо пайшлі чуткі ў розных чатах, што Ромы не стала, і журналісты сталі нам тэлефанаваць. І калі яна пачула адказ, па яе твары я зразумела, што ўжо ўсё. У мяне комам стала ў грудзях. Верагодна, заўсёды ў такіх выпадках ты да апошняга верыш, што ўсё абернецца найлепшым чынам, і ўсё будзе добра.

РР: Чаму цябе навучыў Рома?

Вольга Кучарэнка: Мне падаецца, самы вялікі ўрок ён мне зрабіў вось гэтым учынкам, тым, што ён выйшаў. І я разумею, калі ён гэта зрабіў, то дакладна здавацца нельга. Бо ён аддаў жыццё за гэта. Можа ён і не разлічваў гэта зрабіць, але тым не менш.

Фраза “Я выходжу”, напісаная Раманам перад выхадам у двор, стала адным з лозунгаў паслявыбарчых пратэстаў.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя