Канал «Нафтана», звязаны з адміністрацыяй, пахваліўся, што яшчэ аднаго рабочага затрымалі і пасадзілі.
Калі меркаваць па сацсетках, затрыманаму Кірылу Барстоку 29 гадоў. Ён у 2016-м скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і пайшоў працаваць на «Нафтан». У апошні час быў у 5-й брыгадзе, якая абслугоўвала «Юнікрэкінг» (устаноўка для адной са стадыяў ачысткі паліва).
На заводзе ён быў актыўны — выступаў на конкурсах і канцэртах і быў чальцом Савета моладзі прадпрыемства. На старонках заводскай газеты яго некалькі разоў называлі «таленавітым актывістам» і ўсяляк хвалілі.
Яго затрымалі больш за тыдзень таму. 28 сакавіка суддзя Зінаіда Балаболава судзіла яго за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў». Згодна з інфармацыяй з канала, звязанага з адміністрацыяй «Нафтана», мужчыну прысудзілі 25 сутак арышту.
Той жа канал піша, што разглядаецца пытанне пра завядзенне на Кірыла крымінальнай справы за каментары. Таксама пішуць, што яго звольняць.
вясна