Паспалітае Рушэнне было створана беларускімі палітэмігрантамі ў 2022 годзе ў Польшчы дзеля будучага вызвалення Беларусі. Праз скандалы, звязаныя з пэўнымі асобамі, датычнымі да кіраўніцтва Рушэння, узніклі пэўныя рэпутацыйныя страты. Пра тое, што будзе з аб´яднаннем, мы пагаварылі з Госцем Радыё Рацыя – цяперашнім кіраўніком Паспалітага Рушэння Сяргеем Бульбам.

РР: Спадар Сяргей, нядаўна быў затрыманы польскай паліцыяй былы кіраўнік Паспалітага Рушэння Андрэй Бужынскі. Гэта выклікала буйны скандал. Ці гэты скандал будзе рэпутацыйным ударам для Паспалітага Рушэння?
Сяргей Бульба: Напэўна, больш за тое, у нас была аператыўная нарада кіраўніцтва, і мы ўсё ж такі вырашылі, што, напэўна, нам давядзецца праводзіць рэбрэндзінг. Таму што, як тут не дзялі старую апазіцыю і новую апазіцыю, але ж надта багата падышло выпадковых людзей у гэтай хвалі 2020 года. Мы ўвогуле здзіўляемся. Недзе год таму я пагадзіўся быць кіраўніком Паспалітага Рушэння, у тым ліку і нашы сябры “Белага легіёну”, якія доўга знаходзіліся ад самага пачатку Паспалітага Рушэння, настойліва прапаноўвалі працягнуць наш легіёнаўскі досвед.
Я на пэўным этапе адмаўляўся, таму што лічыў з-за такіх вось, як Бужынскі, што якраз пакуль арганізацыя не ачысціцца, то не варта за яе і брацца.
Год таму, калі на агульным сходзе адзінагалосна было рашэнне пра тое, што я прызначаюся кіраўніком Паспалітага Рушэння, я адразу папрасіў усё старое кіраўніцтва, не толькі Бужынскага, але і ўсіх астатніх, падаць у адстаўку. Таму што яны дастаткова дыскрыдатавалі Паспалітае Рушэнне. Ужо і беларускае тэлебачанне адкатвала там і афёры, і бізнес-афёры. І вось бачыце.
Я агулам здзіўляюся, якім чынам чалавек, які адседзеў за гандаль наркотыкамі ў Беларусі, стаў кіраўніком Паспалітага Рушэння.
РР: Я, напрыклад, увогуле вельмі здзіўляюся, як ён наогул трапіў у Польшчу, калі адседзеў за наркотыкі 7 гадоў у турме ў Беларусі?
Сяргей Бульба: Якраз у нас у “Белым легіёне” ніколі такога не было, мы такога не разумелі. То бок я наадварот стараўся людзей адвучыць ад алкаголю. Старэйшае пакаленне на пэўным этапе, калі мы толькі ўводзілі традыцыю, калі мы здавалі на сталёвы берэт, гэта мы рабілі штогод у Беларусі, то бок мы бралі тыя ж самыя нарматывы, як і ва ўнутраных войсках, у міліцыі. У іх здача на крапавы берэт, роўна з тымі нарматывамі.
Мы здавалі ў сябе на сталёвы берэт. Штогод хлопцы з’язджаліся з усіх куточкаў Беларусі, адбываўся ў нас, скажам так, падсумоўваючы трэніровачны летнік. Мы звычайна на лета станавіліся летнікам на 90 дзён. Мы звычайна дамаўляліся з леснікамі на 90 дзён, і ў нас тры змены працаваў летнік, і завяршалася здачай на сталёвы берэт.
У нас ніколі такога не было. Я на першым этапе змушаны быў адсякаць старэйшых, таму што старэйшае пакаленне легіянераў, прыехаўшы на здачу на берэт, яны не разумелі, як гэта сабрацца разам і не напіцца так гэта грунтоўненька. І мне давялося проста на некаторым этапе, каб не ствараць пераемнасць пакаленняў у гэтым плане, проста адсякаць старэйшых.
Яны асобна там збіраліся, асобна адзначалі. А маладыя ў нас, нават атрымаўшы сталёвы берэт, яны толькі сокам адзначалі. То бок для нас алкаголь, наркотыкі было табу. І не апускаліся да такога ўзроўню. Ладна там алкаголь, і нашыя браты, і Мірык (Міраслаў Лазоўскі) любіў. Багата, хто з нашых хлопцаў, але ж гэта не замінала справе.
Вось да такога стану, каб давесці структуру, каб кіраўнік арганізацыі быў на такім узроўні, то гэта, канешне, жах. Натуральна, гэта ўсё адбілася на іміджы арганізацыі. Таму мы сур’ёзна задумаліся над рэбрэндзінгам.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
З Госцем Рацыі, кіраўніком Паспалітага Рушэння Сяргеем Бульбам размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя






