27 чэрвеня ў Польшчы скончыўся навучальны год. Наколькі даюць сабе рады школьнікі-эмігранты з Беларусі? Наколькі лёгка адаптоўвацца беларускім дзецям у польскіх школах? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае эмігрантка Марына ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Наколькі лёгка дзецям, якія прыехалі з Беларусі, адаптоўвацца ў іншай краіне?
Марына: Мы выехалі з Беларусі ў 2021 годзе. Але ў Польшчу прыехалі толькі летась. І атрымліваецца, што толькі адзін навучальны год сын правучыўся тут. І таму за гэты год мне пакуль цяжка рабіць нейкія высновы – ці лёгка, ці цяжка. Ну канешне, магу сказаць, што за год дзіцёнак не адаптаваўся цалкам і гэта ўсё ў працэсе. І напэўна нават у самым пачатку працэса, таму што мова, напрыклад. І адна справа, калі дзіцёнак пераязджае і ідзе у садок у Польшчы, а іншая справа, калі гэта ўжо трэці клас. І я б не сказала, што з мовай у нас атрымалася ўсё вельмі проста. Мы на пачатковым этапе. І гэта вельмі перашкаджае адаптацыі ў тым сэнсе, што школьную праграму з маёй дапамогай больш-менш ён засвоіў, але калі казаць пра адаптацыю ў польскае грамадства, каб з’явіліся польскія сябры і так далей, то не.
РР: А што перашкаджае? Гэта толькі моўны фактар ці чыста псіхалагічны?
Марына: Я думаю, што найперш гэта моўны фактар. Псіхалагічны можа быць у нейкай ступені. Магчыма, яшчэ справа ў тым, што мы не так шмат куды ходзім па-за школай. Але я бачу, што найперш гэта моўны фактар. І сын кажа, што яму не хапае сяброў, што ён хацеў бы сябраваць, але яму цяжка камунікаваць на польскай мове.
РР: Гэта ўжо другая эміграцыя. Першая была ў Грузію. Наколькі лёгка давалася адаптацыя ў Грузіі?
Марына: Я магу сказаць, што мы там увогуле не сутыкнуліся з праблемай адаптацыі. Не было проста такога пытання нават. Мы пераехалі, калі дзіцёнку было пяць гадоў, гэта яшчэ ўзрост дзіцячага садка, там жа ён пайшоў у першы клас, і зразумела, што не на грузінскай мове ён вучыўся. Ён пайшоў у школу ў расейскамоўны сектар. Таму абсалютна не было ніякай праблемы. Вельмі хутка ён уліўся і ў клас, і шмат–шмат сяброў было, розных кампаній, розных гурткоў. Гэта было як дома. Ніякай адаптацыі не патрэбна было. Што датычыць грузінскай мовы, вывучэнне яе было ў школе. І яно таксаам даволі хутка пайшло. Прынамсі, на тым узроўні, які патрабаваўся ў школе.
РР: Думаю, ты параўноўвала адукацыйныя сістэмы ў Беларусі, Грузіі і ў Польшчы. Можа коратка акрэсліш асноўныя прынцыпы адукацыі трох краін?
Марына: Я вельмі рада, што мой сын не пайшоў у школу ў Беларусі. Таму што з таго, што я бачу, вось гэтая ўся ідэалагізацыя, гэта жах проста. І я не хацел б, каб у гэта ўцягваўся мой дзіцёнак. Што датычыць якасці адукацыі, мне цяжка ацэньваць, бо я насамрэч не бачу, як там цяпер у Беларусі, наколькі якасна там дзяцей вучаць. Але я размаўляла з настаўнікамі, якія пераехалі з Беларусі і працуюць у Польскіх школах, яны кажуць, што ў Польшчы больш лайтовая праграма, прынамсі, у пачатковых класах. Што дзеці, якія пераехалі з Беларусі, больш мацнейшыя. Я нават па сваім сыне бачыла, што ён пасля грузінскай школы быў мацнейшы ў той жа матэматыцы. Грузінскі падыход мне вельмі падабаўся. З аднаго боку, усё было даволі расслаблена, а з ішага боку, веды давалі.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






