Раней Іна Галубкова таксама ўзначальвала праўладны саюз жанчынаў на Талачыншчыне і хваліла кожнае пасланне Лукашэнкі. А затрымалі яе проста ва ўласным кабінеце за хабар.

Іне Галубковай 52 гады. Яна была намесніцай кіраўніка Талачынскага райвыканкама больш за 10 гадоў. У 2018 годзе яе прызначылі раённым дэпутатам па Талачыншчыне. Праўда, акрамя яе на выбарчым участку не было ахвочых кандыдатаў. У 2021-м яе дасылалі на Усебеларускі народны сход. Праводзіла яна і дыялогавыя пляцоўкі, дзе хваліла дзеючую ўладу і мудрасць Лукашэнкі. Апошні раз Галубкова была заўважаная ў медыя ў студзені. А сведчанні пра яе затрыманне з’явіліся ў пачатку лютага. Тады канал «Чуткі Віцебска» паведамляў, што яе «вывелі з кабінета ў кайданках». Па звестках канала «Віцебск, я гуляю», чыноўніцу судзяць за хабар памерам 3000 рублёў.
Яе вінавацяць па двух артыкулах — «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры або асобай, якая займае адказнае становішча» і «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў». Чыноўніцы пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі.






