BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Напэўна, усё праплачана». Дальнабойнікі стаяць на польска-беларускай мяжы больш за тыдзень

На мяжы Польшчы і Беларусі з польскага боку выстраіліся шматкіламетровыя чэргі фур. Паводле інфармацыі крыніцы выдання Mostmedia.io, некаторыя фуры стаяць у чарзе ўжо дзясятыя суткі. Кіроўцы звязваюць гэта з тым, што асобныя аўтамабілі на «ліпавых» падставах перасякаюць мяжу ў прыярытэтным парадку.

Здымак ілюстрацыйны

Адзін з дальнабойнікаў расказаў Mostmedia.io, што за восем дзён прасунуўся ўсяго на 20 кіламетраў: калі заязджаў у калейку, да мяжы было каля 42 кіламетраў, а цяпер — прыкладна 22. Для яго такая сітуацыя беспрэцэдэнтная. Раней 40 кіламетраў ён праходзіў максімум за чатыры дні.

«Нават не ведаем, куды пісаць і прасіць, каб не здзекаваліся з нас», — эмацыйна расказвае ён.

Паводле інфармацыі суразмоўцы, памежны і мытны кантроль з боку Польшчы працуе ў звычайным рэжыме. Уся праблема ў аўтамабілях, якія праязджаюць без чаргі. Ён кажа, што гэта фуры на нумарах LLB і LLU — гэта нумары Любартаўскага і Лукаўскага паветаў Люблінскага ваяводства. Польская паліцыя прапускае іх, а іншых дальнабойнікаў, якія спрабуюць аб’ехаць чаргу, штрафуюць.

«Напэўна, усё праплачана. Як па-іншаму?» — мяркуе ён.

«Едуць нібыта да сябе на базу, а адтуль аб’язджаюць калейку»

Іншы суразмоўца, знаёмы з сітуацыяй на мяжы, пацвярджае: кіроўцы, якія не прабіваюцца наперад у абыход, стаяць каля тыдня.

«Нумары LLB едуць як бы да сябе на базу. Іх прапускае паліцыя ў Мендзыжацы. А ўжо адтуль яны спрабуюць аб’язджаць калейку далей — нібыта едуць на agencja celna, якая размешчана перад самай мяжой. Іх там таксама прапускаюць без чаргі».

У лукаўскіх перавозчыкаў (нумары LLU) таксама ёсць фармальныя падставы праязджаць без чаргі, бо там ёсць уласнасць транспартнай кампаніі, аўтамабілі якой зарэгістраваныя ў тым рэгіёне.

«Каля Кукурык яны выкупілі зямлю і зрабілі там сваю базу. Фуры на нумарах LLU нібыта вяртаюцца на сваю базу, а насамрэч едуць на мяжу, замытніваюцца і едуць у Беларусь», — сцвярджае крыніца Mostmedia.io.

Акрамя таго, па-за чаргой едуць перавозчыкі, у якіх ёсць адпаведныя дакументы (напрыклад, пра тое, што іхні груз хутка псуецца). Шмат каму, па словах удзельніка гэтай галіны, атрымліваецца зрабіць такія ж, але «ліпавыя» дакументы.

«Фрахты цяпер выраслі на 50%. Таму кіроўцы гатовыя плаціць і штрафы за тое, што аб’язджаюць калейку. Каму плацяць не пасутачна, а ад фрахта, той рызыкуе. Умудраюцца аб’ехаць калейку», — кажа суразмоўца.

Ён ведае некалькіх кіроўцаў, якія за тыдзень ужо два разы перасеклі мяжу, але згаджаецца, што іншыя ўвесь гэты час стаяць у чарзе.

Крыніца: Наша Ніва