Напісанне лістоў за краты – гэта цалкам законна. Больш за тое, у грамадства няма ніякага маральнага права забывацца на тых, хто зараз арыштаваны па крымінальных палітычна матываваных справах.

У гэтым перакананая валанцёрка Сафія, якая будучы ў Беларусі працягвае дапамагаць палітвязням і іх сем’ям:
– Я дагэтуль знаходжуся ў Беларусі і лічу, што вельмі важна дасылаць і паштоўкі, і лісты, і пасылкі я дасылаю. Хоць гэта, можна сказаць, што ўжо ў адзін канец, мне амаль што не прыходзяць адказы. Я нават не памятаю, калі апошні раз гэта было. Я ўжо дасылаю паштоўкі і нават не пішу зваротны адрас ці нейкі іншы, бо гэта не мае сэнсу. Але я лічу, што гэта важна не толькі для саміх палітвязняў, але і паказваць турэмнай адміністрацыі, што дагэтуль людзі падтрымліваюць, памятаюць.
Дзяўчына дадала, што час ад часу на яе карэспандэнцыі прыходзяць адказы. Але немагчыма да канца прадказаць, што менавіта праходзіць цэнзуру, а што не.
Беларускае Радыё Рацыя