6 жніўня спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, літаратуразнаўца, бібліятэказнаўца, кандыдата педагагічных навук Яўгена Хлябцэвіча (1884-1953).

У верасні 1915 года родны брат вядомага беларускага літаратуразнаўца, педагога, бібліёграфа і бібліятэказнаўца Яўгена Хлябцэвіча Уладзімір пісаў яму: “Усе сёлы гарэлі пры непрысутнасці нашых людзей. Кнігі (10 скрыняў) закапаны ў вельмі надзейным месцы. Там тваё ўсё. Закапвалі я і Маліш. Твае рукапісы пра беларускіх пісьменнікаў і лісты іх тожа былі схаваныя там, у скрынях. Я знаю дзе…”.
Цікава, якія рукапісы Яўгена Хлябцэвіча ляжаць у тых скрынях? Пісьмы якіх пісьменнікаў захоўвае гэты скарб на Беласточчыне? Можа, там лісты ад Янкі Купалы, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Горкага? Ён шчыра з імі сябраваў, сустракаўся, перапісваўся. Цяпер цяжка сказаць, хто той скарб адшукае. І ці адшукаецца ён наогул. Усё ж прайшло з таго часу 100 гадоў…
Яўген Хлябцэвіч нарадзіўся ў вёсцы Жыровічы Слонімскага павета. Бацька яго Іван Андрэевіч быў даволі адукаваным чалавекам. Спачатку выкладаў грэчаскую мову і латынь, потым арыфметыку і геаграфію ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы. Але галоўным яго клопатам і заняткам была мясцовая бібліятэка, дзе зберагаліся беларускія старажытныя кнігі з прыгожымі ілюстрацыямі і летапісы ў скураных пераплётах. Іван Андрэевіч Хлябцэвіч складаў падрабязны каталог, упарадкаваў і ашчадна захоўваў гэтыя скарбы. А таксама пісаў, бо меў літаратурны талент. Выдаў некалькі брашур пра гісторыю Жыровіцкага манастыра, напісаў шэраг артыкулаў пра людзей, якія звязалі свой лёс з рэлігіяй. Наогул Іван Хлябцэвіч добра ведаў гісторыю Беларусі, даследаваў Жыровіцкія рукапісы.
У бібліятэцы вельмі часта бываў яго сын Яўген. Ён усё гэта бачыў на свае вочы, а таксама вучыўся ў бацькі, як трэба ўмець чытаць кнігу, ведаць яе, даследаваць гісторыю свайго краю.
У 1897 годзе сям’я Хлябцэвічаў пераехала ў вёску Кленікі Бельскага павета, дзе Іван Хлябцэвіч стаў працаваць святаром. Там ён арганізаваў некалькі пачатковых школ, быў загадчыкам бясплатнай народнай бібліятэкі. А ягоны сын Яўген Хлябцэвіч у 1900 годзе скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, а пасля Віленскую праваслаўную духоўную семінарыю. Жывучы ў Вільні, Яўген Хлябцэвіч пазнаёміўся з беларускай інтэлігенцыяй, актыўна ўключыўся ў беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Падтрымліваў цесныя сувязі наш зямляк і з рэдакцыямі беларускіх газет «Наша доля» і «Наша ніва», дасылаў свае розныя допісы, многія з іх падпісваў псеўданімам Халімон з-пад пушчы. Найперш гэта былі інфармацыі на тэмы культуры і адукацыі. У 1906 годзе Яўген Хлябцэвіч стаў студэнтам Юр’еўскага універсітэта, а праз год перавёўся ў Пецярбургскі універсітэт. Тут ён рэдагаваў «Кніжны і бібліятэчны лісток» пецярбургскай газеты «Новая Русь», дзе дапамог на яе старонках друкавацца Янку Купалу.
Будучы студэнтам Яўген Хлябцэвіч выступаў на Першым Усерасійскім з’ездзе па бібліятэчнай справе з дакладам «Развіццё бібліятэчнай справы на Беларусі». А калі закончыў універсітэт, працаваў інструктарам Беларускага пададдзела аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР у Кіеве.
У 1919 годзе атрымаў новую пасаду — ён стаў узначальваць бібліятэчнае аддзяленне Палітычнага ўпраўлення Рэўваенсавета РСФСР, а пасля перайшоў у Народны камісарыят асветы.
З 1943 года Яўген Хлябцэвіч працаваў у Маскоўскім бібліятэчным інстытуце, шмат пісаў, абараніў кандыдацкую дысертацыю. У Маскве і пражыў ён свае апошнія гады: яго не стала ў кастрычніку 1953 года.
Да сённяшніх дзён пад адну вокладку так і не сабрана, і не выдадзена спадчына Яўгена Хлябцэвіча. А напісана ім было вельмі шмат. У Коўне ў 1912 годзе выйшла з друку яго першая кніга Бібліятэка і кааперацыя», дзе аўтар разгледзеў пытанні тэорыі і арганізацыі бібліятэчнай справы. У Пецярбургу свет пабачылі ягоныя працы “Адраджэнне беларускай народніцкай літаратуры” (1914), “Народніцкая паэзія беларусаў” (1917), у якіх малады крытык са Слонімшчыны прааналізаваў вытокі і характар беларускага мастацкага слова, даў высокую ацэнку творчым пошукам Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. А ў маскоўскіх выдавецтвах з’явіліся яго кнігі “Масавы чытач і антырэлігійная прапаганда” (1928), “Масавы чытач і праца з кнігаю” (1936).
Яшчэ ў Пецярбургу Яўген Хлябцэвіч пасябраваў з Янкам Купалам. Песняр часта наведваў не толькі беларускія вечарынкі, але бываў і на розных рэпетыцыях. Ён удзельнічаў у рабоце беларускага студэнцкага навуковага гуртка, слухаў даклады пра Беларусь, часам чытаў свае вершы. Аднойчы Янка Купала перадаў Яўгену Хлябцэвічу верш “Прарок”, прысвечаны гэтаму студэнцкаму гуртку.
Вельмі часта Яўген і Янка Купала гулялі па ўзбярэжжы Нявы, бывалі адзін у аднаго ў гасцях. Іх апошняя сустрэча адбылася ў 1930 годзе ў Маскве ў камуністычнай акадэміі, калі адзначаўся юбілей Купалы. Пасля трагічнай смерці народнага песняра Яўген Хлябцэвіч быў адзін з першых, хто прыйшоў на дапамогу Уладзіславе Францаўне Луцэвіч у справе стварэння Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску. Ды і пры жыцці Купалы Яўген Хлябцэвіч рашуча выступаў у абарону песняра ад шматлікіх несправядлівых абвінавачванняў беларускай вульгарна-сацыялагічнай крытыкі 1930-х гадоў.
Пасля вайны ў беларускім друку з’явіліся ўспаміны Яўгена Хлябцэвіча пра беларускага песняра. Найперш гэта артыкулы “Янка Купала ў Пецярбургу”, “Янка Купала на пецярбургскіх агульнаадукацыйных курсах А. С. Чарняева”, “Янка Купала і Пецярбургскі універсітэт”, “Пісьмо Янкі Купалы ў газету “Новая Русь” і ўдзел у ёй Л. М. Талстога” і іншыя.
У шчырых адносінах Яўген Хлябцэвіч быў і з Якубам Коласам. Пазнаёміўся ён з ім завочна тады, калі працаваў выкладчыкам бібліятэчнага тэхнікума ў Кіраве. Падчас Другой сусветнай вайны Яўген Хлябцэвіч выступаў з лекцыямі ў шпіталях сярод параненых. Воіны-беларусы прасілі пачытаць вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа на беларускай мове. Па дапамогу наш зямляк звярнуўся да Якуба Коласа. Народны паэт хутка адклікнуўся на просьбу Яўгена Хлябцэвіча. Яны сталі перапісвацца, і такое сяброўства працягвалася дзесяць гадоў.
Перапісваўся Яўген Хлябцэвіч і з Максімам Багдановічам. Як сцвярджаў даследчык творчасці Яўгена Хлябцэвіча Віталь Скалабан, “чатыры лісты Багдановіча да Хлябцэвіча захоўваліся напярэдадні вайны ў Акадэміі навук БССР. Мусіць, іх перадаў яшчэ ў 1920-я гады ў Інбелкульт сам адрасат Яўген Хлябцэвіч. Ці пакінуў ён копіі Багдановічавых лістоў у асабістым архіве? Адказаць на гэта пытанне пакуль цяжка…” (ЛіМ, 24 жніўня 1984 г.). А можа, копіі гэтых пісем, а таксама іншыя пісьмы Багдановіча да Хлябцэвіча ляжаць на дне тых 10 скрыняў, што закапаныя на беластоцкай зямлі?
Беларускае Радыё Рацыя






