Сённяшняя госця Радыё Рацыя — феміністка і грамадская актывістка Наста Базар. Гутарым з ёй пра такую сацыяльную з’яву як віктымблэймінг, то бок — абвінавачванне ахвяры. Асабліва гэтая тэма актуальная зараз, пасля згвалтавання і забойства ў Варшаве беларускі Лізы. З Настай Базар размаўляе Алеся Вербаловіч.
РР: Жудасная вусцішная рэч адбылася ў Варшаве – была згвалтаваная дзяўчына, яна памерла пасля гэтага. Але калі гартаць сацсеткі, то можна пабачыць шмат каментароў пра тое, што сама яна вінаватая. Як лічыце, чаму так шмат вось гэтага віктымблэймінгу, чаму людзям уласціва вінаваціць ахвяру?
Наста Базар: Тут важна сказаць, у якіх медыя. Гэта ў беларускіх медыя, на жаль. Я гартала польскія медыя з гэтай навіной, і я вельмі мала там бачыла віктымблэймінгу, я бачыла асуджэнне гвалтаўніка, я бачыла вялікую занепакоенасць тым, што ў польскім заканадаўстве ёсць тое, што варта выправіць, прынамсі тое, што называць гвалтам, і я за гэта вельмі ўдзячная польскім калежанкам-феміністкам, якія займаюцца гэтай справай. Але якраз такі ў беларускіх пабліках у асноўным каментары былі кшталту “сама вінаватая, няма чаго было хадзіць адной” роўна да таго дня, пакуль Ліза не памерла. Таму што калі Ліза памерла, чамусьці гэтыя каментатары не прыйшлі, а прыйшлі іншыя і напісалі “бедная дзяўчына”.
Чаму так? Таму што мы ў такой сістэме выхаваныя. І тое самае адбывалася і адбываецца ў Беларусі, таму што калі жанчына прыходзіць у міліцыю і кажа, што ёй пагражаюць ці ў яе ёсць небяспека, то ёй кажуць умоўна “калі заб’юць, прыходзьце”. То бок, калі ёсць цела, тады будзем працаваць.
Мы раслі ў гэтым вельмі доўга, і нам трэба шмат яшчэ што зрабіць, каб гэта памяняць. Таму такія каментары і так ставіцца супольнасць да гэтай сітуацыі.
РР: Ёсць такія сумныя дадзеныя, я не валодаю лічбамі, але ведаю, што ў Беларусі шмат ахвяраў згвалтавання не звяртаюцца ў міліцыю, і справа можа не дайсці да суда. Менавіта вось пра што, як вы лічыце?
Наста Базар: Так, я таксама не ведаю статыстыку, але гэта не толькі ў Беларусі, гэта ўвогуле па свеце. Статыстыка крыху розная, але гэта дакладна большая частка жанчын, якая была згвалтаваная, не звяртаецца па дапамогу. А з тых, хто звяртаецца, гэта калі кажуць, што там гэта ўсё няпраўда, вось гэтую статыстыку я дакладна памятаю, што толькі ў сярэднім дзве жанчыны са ста хлусяць, калі мы ўжо кажам, што жанчына можа прыдумаць. Але калі ўзяць колькасць агулам усіх згвалтаваных жанчын, якія не звяртаюцца, то гэта проста велізарная колькасць жанчын. Я думаю, што варта проста пагартаць хэштэг #хопіцьгвалціць у сацыяльных сетках, таму што я яго запусцілі ў чацвер. Я першыя два дні проста плакала, таму што большасць маіх каляжанак, сябровак, знаёмых, пра якіх я не ведала пра іх досвед, давайце будзем казаць сваімі імёнамі, гэта не проста гвалт, гэта сэксуяляваны гвалт, які быў у дачыненні да пяцігадовых, дванаццацігадовых, 13-15-17-цігадовых дзяўчынак і жанчын больш дарослых.
Чаму яны не звяртаюцца? Таму калі прыйсці ў Беларусі, яны пачуюць тое, што ім пішуць у каментарах – няма чаго было апранаць кароткую спадніцу, няма чаго было хадзіць. Што казаць, калі ў мяне здарылася сітуацыя менш траўматычная, але траўматычная. У мяне скралі гаманец у транспарце, і мяне настолькі “задзяўблі” міліцыянты, выклікаючы мяне і пішучы ўжо шосты раз нейкія рапарты і дакументы на 15-ці старонках, што я кажу: “Слухайце, не трэба. Каб я ведала, то не падавала б заяву”. Таму што нікога ўрэшце не знайшлі, але першае, што мне сказалі, калі прасілі распавесці, што было, і я сказала, што дастала гаманец, дастала з яго талон на праезд, то мне сказалі, што я сама “запаліла” свой гаманец. То бок я вінаватая, што я паказала гаманец, а не нехта, хто ў мяне скраў.
Што казаць тады пра гвалт, калі прыходзіць жанчына і кажа, што “мяне згвалцілі”. І першае што ёй скажуць, а што ты зрабіла для гэтага – ты была там п’яная, ты была ў кароткай спадніцы. Гэта вельмі цяжка, гэта вельмі страшна, калі з жанчынай працуюць мужчыны, а не жанчыны, калі ёсць гэтае сведчанне дактароў, якія таксама ў асноўным мужчыны. Канешне, жанчыны на гэта не ідуць.
Актывістка заклікае не маўчаць пра гвалт і падтрымліваць флэшмоб “Хопіць гвалціць” у сацыяльных сетках.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя