BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Наталля Гарковіч: Гэта ніяк не паўплывае на нашу працу

У Беларусі Міжканфесійная ініцыятыва “Хрысціянская візія” рашэннем суда прызнана экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта азначае, што любая дзейнасць, звязаная з гэтай ініцыятывай, можа кваліфікавацца як удзел у экстрэмісцкай арганізацыі, што паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь цягне за сабой адказнасць.

Але такая расправа КДБ не прынясе патрэбных для іх вынікаў, кажа тэалагіня і актывістка «Хрысціянскай візіі» Наталля Гарковіч.

РР: Чаму «Хрысціянскую візію» прызналі экстрэмісцкай?

Наталля Гарковіч: Цяжка сказаць, мяркую з-за таго, што мы займаемся праваабарончымі пытаннямі, пытаннямі маніторынгу пераследу па палітычных матывах, у тым ліку і вернікаў, і хрысціянскіх арганізацый. Хутчэй за ўсё гэтая дзейнасць непажаданая для спецслужбаў Беларусі, якія хочуць застрашыць падобныя арганізацыі.

РР: Што цяпер будзе з удзельнікамі ініцыятывы?

Наталля Гарковіч: Нічога не зменіцца, таму што ўсе нашыя людзі знаходзяцца за межамі Беларусі. І мы як працавалі над гэтым, то і працягнем працаваць. Адзінае – мы падвысім меры бяспекі.

РР: Ці можна цяпер выкарыстоўваць сімволіку, або публікацыі «Хрысціянскай візіі»?

Наталля Гарковіч: Сімволіка была ўжо забароненая, але трошкі іншага выгляду. Гэта была валошка. А цяпер усе сімвалы «Хрысціянскай візіі» прызнаны не толькі экстрэмісцкімі, як гэта было раней, але і тымі, якія належаць экстрэмісцкаму фармаванню, у тэрміналогіі лукашэнкаўскіх спецслужбаў. У Беларусі гэтыя сімвалы лепш не выкарыстоўваць. А выкарыстанне за мяжой, я думаю, не грае ніякай ролі.

РР: Якія планы вы маеце надалей?

Наталля Гарковіч: Планы пакуль не змяняюцца. Мы будзем працягваць рабіць маніторынг парушэння права на веравызнанне ў Беларусі, пісаць якасную аналітыку па канфесійных пытаннях у нашым рэгіёне, весці маніторынг пераследу ў Беларусі вернікаў і хрысціянскіх арганізацый і прадстаўляць экспертызу для розных міжнародных арганізацый па сітуацыі ў Беларусі ў нашым кірунку, а таксама не толькі міжнародныя арганізацыі будзем інфармаваць, як і раней, але і дэмакратычныя сілы, калі яны будуць звяртацца да нас па экспертызу. А ўвогуле «Хрысціянская візія» існуе з верасня 2020 года, то бок існуем ўжо пяць гадоў.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя