BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Наталля Калегава: Я б назвала 2025 год годам надзеі

“Беларускі замак” у Вільні ведае кожны беларускі палітвязень і уцякач, які прыязджае ў літоўскую сталіцу. Там не толькі дапамагаюць беларусам, а яшчэ і ўкраінцам. Менавіта валанцёры “Беларускага замка” ўтрымліваюць “Варту святла” – своеасаблівы мемарыял каля амбасады Рэспублікі Беларусь у памяць пра загінулых беларусаў і штонядзелю арганізуюць акцыі ў цэнтры Вільні ў падтрымку палітвязняў. А гаспадыняй “Беларускага замка” і кіраўніцай валанцёрскай арганізацыі “Дапамога” з’яўляецца Госця Рацыі – Наталля Калегава. Паразмаўлялі з ёй пра вынікі гэтага года і планы на наступны.

РР: У вас валанцёрская арганізацыя “Дапамога”, Вы яе ўзначальваеце, таксама ёсць, як віленчукі называюць, “Беларускі замак”. Некаторыя на яго кажуць шэлтар, але Вам гэта не падабаецца. Чаму?

Наталля Калегава: Мы ніколі не былі шэлтарам да 2024 года. Мы былі “Беларускім замкам”. Вось ёсць “Беларускі дом”, а мы ёсць іншае – замак. Бо гэта людзі, якія там знаходзяць самае добрае, што яны могуць адчуваць – бяспеку. Слова шэлтар крыху іншае. А ў нас адбываецца ўсё разам. У нас людзі жывуць, развіваюцца, дапамагаюць. Гэта такі вялікі цэнтр. Яго можна было б назваць “Беларускі цэнтр”, але яно б не адказвала цалкам назве. Так склалася, што назву “Замак” прыдумалі самі людзі. Яно проста прыжылося, калі мы яго купілі. І людзі сталі называць яго “Замкам”. Мы існуем толькі за данаты, у нас няма іншай падтрымкі, а калі нас афіцыйна называюць шэлтарам, людзі думаюць, што да нас прыходзіць дапамога звонку, з нейкіх арганізацый, фондаў, і ў іх няма сэнсу нам дапамагаць, нешта рабіць. Бо яны проста лічаць, што мы нешта абавязаны. Мы ўзялі на сябе гэтыя абавязкі, бо мы любім людзей і я гавару не ад свайго імя, а ад імя вялікай колькасці ментараў і валанцёраў. Мы проста не ў сістэме. І калі нас называюць шэлтар “Замак”, гэта гучыць быццам мы адзін з шэлтараў, які фінансуецца. А гэта не так.

РР: Вы адразу пасля 2020 года пачалі дапамагаць палітвязням. Кожны год розны. Падсумуйце, калі ласка, вынікі гэтага года. Сёлета было выпушчана больш за ўсе гэтыя гады палітвязняў. І вы дапамагаеце ім ужо даўно. Чым быў адметны для вас гэты год?

Наталля Калегава: Я б назвала гэта ўсё ж такі годам надзеі. Нягледзячы на тое, што людзей садзяць больш, чым выпускаюць, тым не менш, я заўсёды казала, важна, каб мы рабілі добрыя справы – ці ставім мы знічы ля пасольства, выходзім на мітынгі, купляем адзенне, прадукты, прымаем людзей – гэта ўсё надае энергіі таму матыльку, які сядае на капот аўтамабіля над прорвай, каб перавесіць яго ў той бок, які трэба. І ад гэтага матылька залежыць, ці зваліцца ён у прорву ці адкаціцца ад яе. Вось усе нашыя крокі, якія мы робім, мы не можам зрабіць усё, але мы даем Сусвету пасыл. Галоўнае – нашая вера, бо немагчыма валанцёрыць, калі ты не верыш.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя