BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Наталля Калегава: Калі людзі вызваляюцца з турмы, жыццё не робіцца лёгкім

Штонядзелю на плошчы Вінцаса Кудзіркі ў Вільні ладзяцца пратэстныя акцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Асноўным арганізатарам з’яўляецца валанцёрская арганізацыя “Дапамога” на чале з Наталляй Калегавай. Пра акцыі, дапамогу ўцекачам, а таксама іншыя імпрэзы, якія ладзяцца ў Беларускім Замку ў Вільні, расказвае сённяшняя Госця Рацыі – Наталля Калегава – нашаму радыё.

РР: Спадарыня Наталля, вы ўжо можаце прааналізаваць мінулы год. Што адбылося? Ці павялічылася колькасць беларускіх уцекачоў? Якія праблемы паўсталі перад фондам «Дапамога»? І як цяпер — ці змяншаецца колькасць беларусаў, якія ўцякаюць ад рэжыму?

Спачатку хачу адразу з’ясніць: многія блытаюць. Мы не фонд, а валанцёрская арганізацыя, бо нашая дзейнасць крыху шырэйшая. Фонд заўсёды прадугледжвае фінансаванне, а ў нас як такога фінансавання беларусаў няма. Ёсць толькі дапамога, якая адбываецца дзякуючы людзям.

Вельмі ўдзячная, што маю магчымасць карыстацца гэтым будынкам. Аднак усё астатняе робяць самі беларусы — ад арганізацыі мітынгаў да працы са складам, дапамозе Украіне, пошуку працы і падтрымкі іншых людзей. Гэта тое, што людзі робяць самі для сябе. Я рада, што многія, пабачыўшы, як дзейнічаюць тыя, хто прыйшоў раней, бяруць з іх прыклад і самі кажуць: «Я гатовы быць ментарам», «Я магу памагаць». Гэта, вядома, радуе.

Летась людзей было нават болей, чым у 2023-м. Было больш экстрэмальных выпадкаў. Шмат тых, хто прыязджаў да нас пасля вызвалення з турмаў, бо жыццё ў Беларусі для іх было немагчымым. Адна з самых гожых навагодніх жаданняў, што я пачула, цяпер гэта матывуе мяне, было: «Калі б я ведаў, што тут так, я б не сеў у турму».

Я разумею, што людзі, якія бываюць у тым асяроддзі, нярэдка думаюць: «Я не слухаю прапаганду», «Я не паддаюся ўплыву». Але папраўдзе гэта ўсё роўна пранікае ў іх думкі. Таму яны прымаюць сітуацыю як пакаранне, пачынаюць адчуваць уласную віну. Сістэма так выбудаваная, што чалавек думае: «Калі мільёны не селі ў турму, а я сеў, значыць, мне не пашанцавала, я зрабіў штось не так».

Для бальшыні зняволеных турма не стала працягам змаганнем, яны ўспрымалі яе як падпарадкаванне сістэме.

РР: Але, ведаеце, рэжым так працуе, каб людзі так думалі.

Так-так. Рэпрэсіўны механізм працуе так, што палітвязняў не амністуюць — дзее толькі памілаванне. І нават не для тых, каго, магчыма, былі б гатовыя памілаваць. Проста прыходзяць і кажуць: «Падпішы». Калі ты не падпішаш — будзе большы ціск. І нават калі застаецца сядзець тры ці пяць месяцаў, чалавек усё роўна хоча ўздыхнуць вольнага паветра.

Але калі гэтыя людзі выходзяць на волю, жыццё не становіцца лёгкім. Так, прыемна прыняць душ дома, але далей — быццам хатні арышт. Немагчыма ўладкавацца на нармальную працу, нельга свабодна перамяшчацца нават з Берасця ў Менск без дазволу.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

З Госцяй Рацыі – кіраўніцай валанцёрскай арганізацыі “Дапамога” ў Вільні Наталляй Калегавай размаўляла наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна.

Беларускае Радыё Рацыя