Прайшло чатыры гады неверагодных пакут Украіны. Канца вайны пакуль не бачна, хаця ўсе гэтага чакаюць і не ў апошнюю чаргу беларусы. Яны спадзяюцца, што з перамогай Украіны, Беларусь стане значна бліжэй да свабоды. Госця Рацыі – беларуская журналістка, галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97», галоўная гераіня кнігі Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай» падзеліцца з намі сваімі намаганнямі, якія рабіла і робіць на карысць Украіны, а праз яе і Беларусі.

РР: Хочацца пачаць нашу размову менавіта з Украіны, паколькі сёння першы дзень пятага года вайны ва Украіне, калі Расея гвалтоўна і страшна напала на сваіх суседзяў. Вы ў кнізе Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай» сказалі, што шмат рабілі разам са Змітром Бандарэнка, з Андрэем Саннікавым для таго, каб папярэдзіць кіраўніцтва Украіны, каб удар быў не нечаканым, каб Україна была падтрыхтаванай. Успомніце, калі ласка, вось гэты эпізод.
Наталля Радзіна: З 2014 года мы пастаянна ездзілі ва Украіну, мы супрацоўнічалі з разнастайнымі аналітычнымі цэнтрамі і ў тым ліку абмяркоўвалі верагодныя пагрозы, якія сыходзяць з Беларусі для Украіны. І для нас было відавочным, што прарасейскі рэжым Лукашэнкі – гэта вораг дэмакратычнай праеўрапейскай Украіны. Было відавочна, што калі Пуціну спатрэбіцца, беларуская тэрыторыя будзе выкарыстана. Мы казалі пра гэта наўпрост, казалі ў тым ліку на сустрэчах у Вярхоўнай Радзе з дэпутатамі, на сустрэчах Савета па нацыянальнай бяспецы і абароне, казалі і на сустрэчах у Міністэрстве абароны. Гэтыя пагрозы пастаянна агучваліся. Казалі, што калі не дэмакратызаваць Беларусь, не дапамагчы беларусам скінуць рэжым Лукашэнкі, то раней ці пазней гэты беларускі балкон абрынецца на галовы ўкраінцаў. І гэта адбылося 24 лютага 2024 года.
Згадайце, практычна ніхто нават не меркаваў, што пачнецца вайна і тым больш не меркавалі, што з беларускай тэрыторыі ўвойдуць беларускія войскі. Хоць зноў жа і “Хартыя-97”, і “Еўрапейская Беларусь” яшчэ ў 2021 годзе, калі стала вядома пра правядзенне вайсковых вучэнняў “Захад-2021”, мы казалі пра тое, што гэта прамая пагроза Украіне. Што трэба на гэтыя вучэнні звярнуць максімальную ўвагу і трэба рыхтавацца да магчымага нападу на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Тым не менш шматлікія закрывалі на гэта вочы, у тым ліку ва Украіне, казалі, што верылі абяцанням уладаў Беларусі, што ніколі не ступіць нага расейскага салдата на ўкраінскую зямлю, што быццам будуць выведзеныя расейскія войскі пасля гэтых вучэнняў. Але гэтага нічога не адбылося. Таму маё асабістае сумленне чыстае, таму што я ведаю, што я папярэджвала, я казала задоўга да поўнамаштабнай вайны, літаральна там за 8 год, што будзе ўчынены напад на краіну.
РР: Але ж вы працягваеце стасункі і да гэтага часу з Украінай. У якіх варунках?
Наталля Радзіна: Безумоўна, мы супрацоўнічаем па-ранейшаму са шматлікімі беларускімі палітыкамі і з дэпутатамі Вярхоўнай рады ў мяне добрыя стасункі, і са шматлікімі ўкраінскімі медыя, якія часта звяртаюцца да мяне па каментары наконт сітуацыі ў Беларусі і беларуска-ўкраінскіх стасункаў. Нядрэнныя стасункі ў тым ліку з Офісам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Супрацоўніцтва ёсць, і яно працягваецца.
РР: Ці насцярожвае вас той факт, што зараз таксама Беларусь праводзіць нейкія вучэнні? Яны зараз прызывалі на зборы.
Наталля Радзіна: Так, зараз ёсць сур’ёзная пагроза, і агулам яна ёсць дастаткова даўно, то бок некалькі год захоўваецца вось гэта напружанне, звязанае з тым, што магчымы напад з тэрыторыі Беларусі на краіны Балтыі. У прыватнасці, захоп Сувалкскага калідора.
Зусім нядаўна выйшла справаздача Мюнхенскай канферэнцыі, у якой гаварылася, што ў планах Пуціна, магчыма, выкарыстанне беларускай тэрыторыі, нават беларускай арміі пры нападзе на Літву, Латвію і, магчыма. Эстонію. Магчымая спроба праз Сувалкскі калідор адрэзаць краіны Балтыі ад чальцоў НАТА.
Цалкам гутарка:
У Госці Беларускага Радыё Рацыя, галоўнай рэдактаркі сайта «Хартыя-97» яшчэ шмат важнага і цікавага з яе багатага палітычнага жыцця. Яна падзеліцца сваімі прагнозамі на будучыню свету і Беларусі пад час прэзентацыі кнігі Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай», дзе Наталля з´яўляецца галоўнай гераіняй. Прэзентацыя пройдзе ў 27 лютага, у пятніцу, а 18:00 у беларускiм хабе «Новая Зямля» (ul. Św.Rocha 5 lok. 32) у Беластоку.
Беларускае Радыё Рацыя






