BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Наталля Скібская: Часта свае надзеі ўскладаем на нейкую асобу

Пра псіхалагічны бок рэакцыі на вызваленне вядомых палітвязняў разважае Госця Рацыі, псіхолаг Наталля Скібская.

Яна адказвае на пытанні — чаму нам так важна меркаванне вядомых асобаў, чаму да медыйных людзей мы адчуваем менш эмпатыі і які агульны грамадскі ўзровень эмпатыі беларусаў.

РР: Першае пытанне да вас, як да псіхолага ў сувязі з апошнімі ўсімі навінамі: чаму людзям уласціва чакаць выказванняў ад лідараў па нейкіх важных пытаннях, не зважаючы на абставіны, важна абавязкова пачуць нейкае меркаванне?

Наталля Скібская: Чаму гэта так важна? Мы свае надзеі ўскладаем на нейкую такую вялікую фігуру, у кагосьці аднаго. Бо ў нас такая справа зараз, якая патрабуе ўдзелу шмат-шмат людзей. А мы не можам гэта зрабіць самі, не можам прыцягнуць гэтых людзей, дамовіцца з імі. То бок нам патрэбная нейкая аўтарытэтная фігура, тая фігура, якая ўсіх з’яднае.

Такім чынам усю гэтую адказнасць за тое, аб чым мы марым, мы перадаем гэтай асобе. Ён нас не просіць аб гэтым. Ён не чакае гэтага зараз. Яму зараз гэта не патрэбна. Але мы тут пяць з паловай год сядзелі і спадзяваліся, што знойдзецца нехта такі вялікі, нехта такі аўтарытэтны, той, хто зможа ўсё гэта зрабіць, тое, што мы самі не можам зрабіць. І таму нам вельмі важна пачуць, пабачыць, што ён гатовы здзейсніць нашыя мары, нашыя спадзяванні. І таму, мы хочам пачуць іх.

Гэта самае агульнае. Канешне, там яшчэ ёсць і розныя хваляванні, хтосьці жадае пабачыць, як гэта насамрэч. Ці гэта праўда? Ці гэта мара бліжэй становіцца? Ці ўвогуле з чалавечых такіх гуманістычных жаданняў, хочуць пабачыць.

Але першае – знайдзіся той вялікі нехта і зрабі за нас усё тое, што ў нас яшчэ пакуль не атрымалася.

РР: Ці няма ў вас такога адчування, чаму да публічных асобаў знікае спачуванне і эмпатыя?

Наталля Скібская: Нешта «благавейнае» ёсць у гэтым усім. Калі мы вось так спадзяемся на нейкую аўтарытэтную фігуру, мы яе надзяляем такімі якасцямі звышчалавечымі. І тады ён бліжэй да Бога, далей ад нас. Для нас у яго не застаецца нічога чалавечага. Напрыклад, калі дзіцёнак жадае чагосьці ад бацькоў, асабліва калі ён маленькі, ён не ўлічвае таго, што яны таксама жывыя людзі, што ў іх ёсць нейкія патрэбы, што яны могуць стамляцца, што ў іх можа чагосьці не хапаць і г.д. І калі мы становімся ў падобныя стасункі ў сваёй галаве з кімсьці, то мы яго робім высокім, вялікім і крыху нечалавекам, крыху звышчалавекам. І ўжо ён не можа так пакутаваць, пераймацца.

Цалкам размова:

Спадарыня Наталля падкрэслівае: наш свет занадта разнастайны і няпросты, каб дзяліць яго на чорнае і белае. А сітуацыя ў беларускім дэмакратычным руху надта няпростая, каб усім сварыцца паміж сабою.

Беларускае Радыё Рацыя