“Госця Рацыі” – псіхолаг Наталля Скібская. Гутарым з ёй пра пераемнасць, традыцыі, і чаму гэта так важна для псіхікі чалавека — не забывацца на свае карані. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч:
РР: Шмат беларусаў цяпер у эміграцыі, як мне здаецца, цяпер не маюць сілаў святкаваць не дома. На вашу думку, што трэба зрабіць, каб зноў мець маральны рэсурс для святкавання, для памяці?
– Па-першае, я магу сказаць, што трэба памятаць пра тое, што дбаць пра сябе, гэта таксама клопат пра нашу супольную перамогу. То бок атрымліваецца, што калі мы дбаем пра сябе асобна, то мы робім такую сумесную справу, на карысць усяго грамадства. Гэта можа дапамагчы пераадолець гэты стан. Што нас спыняе, гэта думкі пра тое, як можна святкаваць, радавацца, калі ў нас рэпрэсіі ў Беларусі, калі ва Украіне ідзе вайна. Але нам неабходна гэта рабіць менавіта для таго, каб мець сілы на барацьбу і ўвогуле на жыццё. Гэта першая парада.
Па-другое, нам вельмі важна адчуваць пераемнасць нашага жыцця нават калі мы з’ехалі ў эміграцыю. Калі мы адчуваем сябе быццам адрэзаныя ад сваіх каранёў, то бок у нас няма ніякага тылу, у нас няма ніякай падтрымкі, але гэта вельмі важна, каб мы ведалі, памяталі і адчувалі, што ў нас ёсць жыццё, якое мы ўжо прайшлі, што ў нас ёсць нешта ў тых часах, якія мы ўжо пражылі, каб у нас была і будучыня. Таму вельмі-вельмі важна захоўваць гэтую пераемнасць, адчуваць яе. Вельмі важна, каб мы адчувалі, што ў нас, як кажуць, наратыў нашага жыцця не зменены. То бок, “я быў”, “я ёсць”, “я буду”. Без гэтага “я быў”, няма “я буду”.
Шмат кажуць пра тое, што трэба жыць тут і цяпер, але гэтае тут і цяпер немагчыма без таго, што ўжо было. Што я пачаўся не сёння, не зараз. У мяне ёсць карані, у мяне ёсць нейкае жыццё, яно нейкім чынам там перарывалася, адбываліся нейкія траўматычныя падзеі, якія адцінаюць ад гэтага майго жыцця. Але ўсё ж такі трэба будаваць сувязь са сваім мінулым. Таму гэтыя святы, людзі з якімі мы сябравалі, нават гарады ў якіх мы жылі, нейкая наша асабістая гісторыя, яна павінна мець пачатак не толькі ў сённяшнім дні, але і ў дні ўчорашнім.
Вось калі ты з’ехаў, гэта не значыць, што ты пачаўся, як асоба тут. Так, ты нейкі новы, але не цалкам. Тое, што было таксама нікуды не падзелася, яно таксама ёсць. Можа рэшткі, можа не шмат засталося, бо ў нас шмат што разбурана, пачуццё ўласнай годнасці, напрыклад, шмат хто страціў у сацыяльным статусе, але гэта неабходна.
Варта памятаць, што “я рабіў”, “я зрабіў”, “я нечага дамогся там”. Гэта вельмі важна. Таму гэтыя святы і сувязь з Радзімай, сувязь з іншымі беларусамі неабходная, сувязь са сваякамі. Калі казаць пра святы, як Вялікдзень ці Радаўніцу – гэта тое, што дапамагае нам адчуваць, што гэта не сёння першы раз я святкую, а гэта было ў маёй сям’і. Нейкія традыцыі трэба захоўваць і зараз.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Як нагадвае псіхолаг, важна святкаваць тое, да чаго мы звыкліся і не забывавацца на сямейныя традыцыі.
Беларускае Радыё Рацыя