Эксперты адзначаюць: 2025 год для рэлігійных канфесій і арганізацый Беларусі стаў годам далейшага ўзмацнення ціску і кантролю з боку дзяржавы. Працягваліся рэпрэсіі супраць святароў і вернікаў, абмяжоўвалася дзейнасць незалежных рэлігійных ініцыятыў, узмацнялася ідэалагізацыя царкоўнага жыцця.
Разам з гэтым 2025 год стаў і годам пошуку альтэрнатыўных мадэляў — у тым ліку звароту да не-маскоўскай традыцыі праваслаўя. «Хрысціянская візія» апублікавала пераклад артыкула доктара Віталя Міхальчука «Палітычная тэалогія польскага праваслаўя», які прапануе паглядзець на досвед праваслаўя на землях Рэчы Паспалітай, уключаючы беларускія тэрыторыі.

Сёння ў перадачы «Госць Рацыі» — праваабаронца, тэалагіня, прадстаўніца ініцыятывы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч. У размове яна падводзіць вынікі 2025 года для рэлігійнай супольнасці Беларусі, разважае пра трансфармацыі праваслаўя ў рэгіёне, значэнне падляшскага досведу і пра тое, чаму не-маскоўскае праваслаўе становіцца важнай тэмай для беларусаў сёння:
РР: Якія вынікі працы “Хрысціянскай візіі” за гэты год мы ўжо можам акрэсліць? І якім быў гэты 2025 год для рэлігійных арганізацый унутры Беларусі?
Наталля Васілевіч: Дамагчыся тых мэтаў, якія мы сабе ставілі, не атрымалася. Безумоўна хацелася вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення рэпрэсій у Беларусі, на жаль, на сёння гэтыя мэты ад нас далёка, але ёсць і пазітыўныя навіны – некаторыя палітычныя зняволеныя выйшлі з турмы, сярод іх шмат хрысціянаў – гэта Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, святары Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч, таксама Уладзімір Мацкевіч. Яны далучаюцца зараз да беларускага руху ў замежжы і будуць працаваць таксама на тое, каб вось гэтыя мэты былі дасягнутыя.
Прайшла перарэгістрацыя ў 2025 годзе – таксама вялікая падзея для беларускага рэлігійна поля, увогуле для ўсяго грамадства беларускага ў сферы рэлігіі. І мы бачым, што такой татальнай зачысткі рэлігійных арганізацый не адбылося, што большасць арганізацый ўсё ж такі прайшлі працэс перарэгістрацыі і працягваюць дзейнічаць. І фактычна гэта зрабіла сферу рэлігіі магчыма адзіным легальным полем для дзейнасці грамадзянскай супольнасці Беларусі. У той час як забаронены іншыя арганізацыі, рэлігійныя арганізацыі становяцца кропкай зборкі ўсёй гарамадзянскай супольнасці Беларусі, што падвышае значнасць гэтых рэлігійных арганізацый. На наш погляд, на погляд “Хрысціянскай візіі”, гэта ўсё ж такі пазітыўнае развіццё, што не здолеў рэжым татальна падпарадкаваць сабе ўсё рэлігійнае поле ў Беларусі. Яно застаецца ўсё ж такі даволі моцным, такой суполнасцю незалежнай. І гэта вельмі важна.
РР: Напрыканцы года ў Беларусі праходзіў Усебеларускі народны сход. Цікава, што кіраўнікі чатырох асноўных канфесій – праваслаўнай, каталіцкай, іудэйскай і іслама прысутнічалі ў прэзідыуме, але замыкаў іх акурат сілавік. Пра што кажа такая прысутнасць?
Наталля Васілевіч: Гэта традыцыйная з’ява прысутнасці кіраўнікоў канфесій на УНС. Калі сімвалічна казаць, то калі раней яны сядзелі ў самым пачатку ў прэзідыуме непасрэдна каля Лукашэнкі, то цяпер іх адсадзілі ў куточак на апошні шэраг. І больш за тое, яны нават не былі дэлегатамі УНС, яны проста такую дэкаратыўную функцыю выконвалі. Рэжым разглядае канфесіі, рэлігійныя арганізацыі як спосаб дадатковай легітымацыі, але пры гэтым усё роўна іх трымае дзесьці збоку, ні ў цэнтры сваёй палітыкі. Адзіная прадстаўніца ад рэлігійных колаў, якая была на УНС, гэта ігумення Гаўрыіла – яна сапраўды была дэлегаткай. Прысутнасці кіраўнікоў канфесій – гэта не прымусовы акт, ніхто іх туды ісці не прымушае, яны сапраўды вельмі задаволеныя гэтым месцам, якое ім адводзіцца з боку рэжыму Лукашэнкі, кіраўнікі канфесій лаяльна ставяцца да Лукашэнкі, яго падтрымліваюць, і ў цэлым адчуваюць сябе даволі камфортна ў той сітуацыі, якая склалася ў Беларусі. На жаль, гэта так. Хацелася б ад кіраўнікоў рэлігійных арганізацый большага выяўлення маральнай пазіцыі, але цяпер сітуацыя такая, якая ёсць.
Цалкам гутарка:
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






