BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Наталля Задзяркоўская: Беларуская аўдыторыя была, ёсць і будзе прыярытэтнай

Музей Вольнай Беларусі, які працуе ў Варшаве, хутка адзначыць сваё трохгоддзе. Гасцей чакаюць дзве падзеі 17 і 18 ліпеня адпаведна: першая – адкрыццё выставы “Фрагменты”, другая – канцэрт з удзелам беларускіх музыкаў.

Пра святы і дзейнасць пляцоўкі Госця Рацыі – дырэктарка Музею Наталля Задзяркоўская – распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Вы рыхтуеце цікавую падзею. Па-першае, чаму вырашылі яе падзяліць на дзве часткі, на два дні?

Наталля Задзяркоўская: Чаму мы вырашылі падзяліць – гэта вырашылася не адразу. Спачатку мы хацелі зрабіць усё за адзін дзень, адкрыць выставу, а потым усіх запрасіць на канцэрт. Але ж падумалі, па-першае, рознае па настрою мерапрыемствы. Выстава фактычна ўпершыню прэзентуе фонд Музея Вольнай Беларусі. У нас былі асобныя выставы, часткова на іх былі прадметы і экспанаты з Музея Вольнай Беларусі. Але ж гэта першая такая спроба невялікай колькасцю экспанатаў паказаць наш профіль – што ёсць Музей Вольнай Беларусі, чым ён жыве і што ён усё ж такі збірае ў свае фонды.

Хацелася б, каб людзі прыйшлі, задумаліся. А зрабіць такі лёгкі падарунак для нашых наведвальнікаў, для нашых партнёраў, для нашых сяброў вырашылі ўжо на канцэрце. І калі ў першы дзень на выставе мы чакаем гасцей з ліку польскіх палітыкаў, амбасадараў, нашых партнёраў, для якіх мы раскажам, пакажам наш фонд. То другі дзень – больш арыентаваны на адпачынак і падарунак для беларусаў. Мы вырашылі не сумяшчаць гэтыя дзве падзеі разам.

РР: Калі мы звяртаемся да тэмы выставы, то ці маглі б вы, калі ласка, прывесці прыклады экспанатаў, якія там будуць.

Наталля Задзяркоўская: На наш погляд, гэта будзе цікава. Мы паставілі сверхзадачу для сябе. У нас невялікае памяшканне. Галерэйная прастора для музейных экспазіцый невялікая. І мы вырашылі прэзентаваць наш фонд зусім невялікай колькасцю экспанатаў. Іх увогуле ў нас атрымліваецца 13. Ніякага сімвалізму ў гэтай лічбе няма. Вось так атрымалася.

Якія будуць незвычайныя спосабы прэзентацыі? Гэта будуць спецыяльныя подыумы для кожнага экспанату. Для чаго? Напрыклад, маленькая куля, якую дасталі з цела беларуса падчас жнівеньскіх падзей 2020 году, яна будзе на вялікім подыуме. Для чаго гэта робіцца? Каб проста засяродзіць увагу на пэўным прадмеце. Няхай іх будзе 13, але яны пра нас, пра беларусаў. Іх агульны кантэкст вельмі зразумелы – гэта рэчы, якія належылі людзям, што ўдзельнічалі ў пратэстах, ці былым палітвязням, ці людзям, якія пайшлі ваяваць за Украіну.

Зразумелая ўсім гісторыя, але кожная з гэтых рэчаў, мае сваю асаблівую гісторыю і таму асобна прадстаўлена на выставачным подыуме, каля якога можна пастаць, паглядзець уважліва, падумаць, пачытаць пра гэтую рэч. Кожная рэч – гэта яшчэ асобная гісторыя і гісторыя асобнага беларуса, якая можа сама па сабе крануць. Таму мы і выставу назвалі «Фрагменты». Фрагменты – як частка музейнага фонду і таксама лёсаў тых беларусаў, лёсы, якія разам збіраюцца ў такую знаёмую, усім зразумелую, беларускую гісторыю.

Цалкам размова:

Пачатак абедзвух святочных падзей – у 19:00. Уваход на імпрэзы вольны.

Выстава і канцэрт – частка праекту «Kreatywna prezentacja Muzeum Wolnej Białorusi dla społeczności artystycznej i mieszkańców Warszawy» і суфінансуецца мэрыяй Варшавы.

Беларускае Радыё Рацыя