BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Навошта рэжым узмацняе кантроль над адукацыяй і навукай?

З 12-га ліпеня ў Беларусі пачынаецца прыём дакументаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Перад гэтым у чэрвені, спіс прыватных ВНУ значна паменшыўся. Сваю працу фактычна спынілі ўстановы “ластаўкі” 1990-х: Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій, Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці і Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва.

Таццянай Шчытцова

Наша калега Вольга Сямашка пагутарыла з дарадцай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццянай Шчытцовай пра тое, чым выклікана закрыццё шэрагу прыватных ВНУ ў Беларусі, пра цяжкасці выбару беларусамі вучобы ў Еўропе, пра кітайскі і расейскі вектары беларускай адукацыі, а таксама пра будучыню Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў існуючай сітуацыі.

РР: Як вы можаце пракаментаваць спыненне дзейнасці ажно трох прыватных ВНУ ў Беларусі?

– Гэта вельмі сімптаматычна, нічога дзіўнага ў гэтым я не бачу. Цалкам паслядоўна выглядае, у межах логікі рэжыму. Зараз, пасля таго, як яны разабраліся з прыватнымі школамі, прыйшоў час ВНУ. Мабыць тры галоўныя прычыны. Перш за ўсё гэта такі “галаўны боль” і праблема, якую Лукашэнка пазначыў на сустрэчы з рэктарамі дзяржаўных ВНУ ў лютым гэтага года. Гэта тое, што моладзь з’язджае ў замежжа. Колькасць абітурыентаў падае.

То бок нават ёсць праблема з наборам у дзяржаўныя ВНУ. Будуць праблемы з забеспячэннем працоўных рук у пэўных галінах дзяржаўнай эканомікі. Тут лагічна, калі гэтыя прыватныя ВНУ закрываюцца, то ўсе студэнты, якія там зараз навучаюцца ці навучаліся, хутчэй за ўсё большая частка з іх пойдзе і будзе размеркавана па дзяржаўных ВНУ.

Іншая прычына, таксама прагматычная і мабыць не такая вострая – гэта выкладчыкі. Зноў такі ў дзяржаве, у сістэме адукацыі і ў навуцы працягваюцца рэпрэсіі, адток прафесійных кадраў з ВНУ. Выкладчыкаў становіцца ўсё менш. Выкладчыкі, якія працавалі ў гэтых прыватных ВНУ, яны тады змогуць працаўладкавацца ў дзяржаўных ВНУ. Зразумела, што гэта не гарантавана аўтаматычна.

У прыватных ВНУ ўсё ж такі гэты кантроль дзяржавы і КДБ, вось гэтыя кадравыя чысткі, яны я думаю былі не такія жорсткія. Прыватныя ВНУ былі месцам, якія маглі разглядацца, як нелаяльныя з пункту гледжання рэжыму. Яны ўсё ж такі маглі працягваць працаваць адпаведна іх спецыяльнасці і кваліфікацыі. Канешне такія навукоўцы, такія выкладчыкі наўрад ці змогуць працаўладкавацца ў дзяржаўных ВНУ. Гэта два галоўныя прагматычныя чыннікі.

Трэці, што я хачу падкрэсліць, з такіх сістэмных прычын, якія тлумачаць сітуацыю з паслядоўным закрыццём прыватных ВНУ, гэта тое што рэжым і надалей імкнецца павялічваць кантроль у сферы адукацыі. Гэта такая аналогія з прыватнымі школамі. Усё, што зараз робіцца рэжымам, гэта тое, як я разумею, падрыхтоўка да 2025 года. Ну і наогул рэжым імкнецца павялічыць ступень сваёй упэўненасці, а для гэтага патрэбны татальны кантроль.

У прыватных навучальных установах у прынцыпе цяжэй ажыццяўляць кантроль, а другое, што я хачу падкрэсліць, звярніце ўвагу, якія гэта ВНУ. Гэта ўсё ВНУ, якія з’явіліся напачатку 90-х гадоў. Гэта быў вельмі спецыфічны час, на хвалі пэўнай лібералізацыі і дэмакратызацыі нашага грамадства. Альбо як мінімум спадзяванне на тое, што будзе адбывацца дэмакратызацыя і лібералізацыя.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя