У Менску закрыліся апошнія прыватныя дзіцячыя сады. Сапраўды, а навошта яны? Дзяцей жа трэба вадзіць па розных патрыятычных мерапрыемствах, вайсковую форму на іх надзяваць, пра вайну нагадваць кожны тыдзень. А хто зможа кантраляваць прыватныя сады? Раптам у прыватным садку забудуць чарговы раз гімн праспяваць з дзецьмі. Ці схадзіць на які помнік вайны пакласці цацкі. А раптам выхавальніцы ў прыватных садках штосьці не тое скажуць? Адукацыя, як дашкольная, так і школьная, мусіць быць кантраляваная. Зразумела кантраляваная ўладамі Беларусі. Таму і прыдумалі такое вынаходніцтва як ліцэнзаванне. Дзякуючы гэтаму ліцэнзаванню можна закрыць любую школу ці сад. Дастаткова толькі, каб садок ці школа не прайшлі ліцэнзаванне. А зрабіць гэта прасцей, чым чхнуць.

Вось у Менску вырашылі перастрахавацца. А таму ліцэнзаванне не прайшоў ніводны з садкоў. Іх і так было няшмат: усяго пяць ці шэсць прыватных. А цяпер і тых няма. Затое цяпер розныя аддзелы адукацыі і ідэалогіі могуць спаць спакойна: выхаванне ў садках будзе пад пільным вокам дзяржаўных інстытуцый. Як заявіў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі, цяпер усе дзяржаўныя садкі на высокім роўні прадстаўляюць якасную дашкольную адукацыю. Праблема толькі ў тым, што ўяўленні пра якасць і ўзровень у дзяржаўных службоўцаў могуць значна адрознівацца ад таго, што жадаюць адэкватныя бацькі сваім дзецям.
Беларускае Радыё Рацыя






