Госця Рацыі – былая палітзняволеная Ірына Шчасная, якая прабыла за кратамі амаль чатыры гады, з верасня 2024 года пражывае ў Беластоку. Жанчына да гэтага часу адаптуецца да новых месцаў і новых умоў на волі. Мы пагаварылі з Ірынай пра яе жыццё на волі, пра вызваленне палітвязняў і ўнутраныя справы апазіцыі.

РР: Вы з сям´ёй ужо ў Польшчы. Больш-менш уладкаваліся?
Ірына Шчасная: Пакуль цяжка ўладкавацца, цяжка прыйсці да сябе праз тое, што адбылося. Трэба зараз папраўляць здароўе. Я чакаю дакументы, спадзяюся, хутка яны будуць. І, канешне, з дакументамі на руках будзе ўжо значна лягчэй.
РР: Вы падаліся на міжнародную абарону?
Ірына Шчасная: Так. Патрэбна легалізацыя, таму што, хто ведае, калі мы вернемся дадому. Але я такую надзею не губляю, што я ўсё ж такі вярнуся на Радзіму.
РР: Вы колькі ўжо ў Польшчы?
Ірына Шчасная: 6-га верасня я сюды прыляцела.
РР: Была вам аказана дапамога з боку нашай супольнасці дэмакратычнай, з боку АПКБ?
Ірына Шчасная: Так, мне была аказана дапамога. Дзякуй! Я атрымліваю і медыцынскую дапамогу. Канешне, без гэтага было б вельмі цяжка.
РР: Як Вы ставіцеся да перамоваў, што пачаліся, паміж ЗША і Беларуссю? Ці ёсць недзея ў Вас на гэтыя перамовы?
Ірына Шчасная: Надзея, безумоўна, ёсць. Перш за ўсё, мая задача данесці да міжнароднай супольнасці пра тое, што адбываецца за плотам з калючым дротам, як там пакутуюць людзі. Каб міжнародная супольнасць гэта пачула, і ўжо пайшлі нейкія пэўныя крокі, якія дамапогуць людзям адтуль вызваліцца. А што тычыцца ўсёй нашай дэмакратычнай супольнасці, сапраўды, сёння спадарыня Святлана агучыла, што трэба дзесьці пераступаць праз сябе, садзіцца і таксама дамаўляцца і шукаць нейкія кампрамісы. Таму што гаворка ідзе пра лёсы людзей.
Актывістка, рэдактарка папулярных ТГ-каналаў, сярод якіх «Мая краіна Беларусь», была затрымана 18 лістапада 2020 года. Яе асудзілі за падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках. Адбывала пакаранне ў папраўчай калоніі №4 горада Гомеля. Вызвалена ў дзень народзінаў 29 чэрвеня 2024 года.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






