Не менш за 34 чалавекі былі асуджаныя ў Беларусі па артыкуле 309 Крымінальнага кодэкса «Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». З іх 19 чалавек працягваюць адбываць пакаранне, чацвёра асуджаныя завочна, у тым ліку грамадзянін Украіны Мікалай Швец, якога летась у кастрычніку абмянялі.

Пераслед па названым артыкуле пачаўся ў 2020 годзе, аднак большасць прысудаў была вынесеная пасля пачатку поўнамаштабных баявых дзеянняў ва Украіне, калі беларускія грамадзяне, вядомыя як “рэйкавыя партызаны”, ажыццяўлялі дыверсіі на чыгуначнай інфраструктуры з мэтай перашкодзіць перамяшчэнню расейскай ваеннай тэхнікі.






