BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ніякага расчаравання ў тым, што я рабіла, не было”

Неабходную суму для журналісткі Ксеніі Луцкінай сабралі за некалькі дзён. Пра гэта паведаміў фонд BYSOL, які і займаўся яе эвакуацыяй з Беларусі. Пасля 4 гадоў у турме і перанесеных хвароб ёй неабходна тэрміновая медыцынская дапамога, аднаўленне і падтрымка.

Сённяшняя Госця Рацыі – Ксенія Луцкіна распавядае пра Беларусь і сваю эвакуацыю.

–  Калі была ў Беларусі насамрэч паводзіла сябе вельмі ціха, ніхто нічога не бачыў і не чуў, але сувязь пэўная ў мяне была. Я ўжо казала пра тое, што ў мяне, напэўна, ужо няма страху і недзе проста атрафіравалася пачуццё жаху. Ну, добра, закрыеце вы мяне на суткі, ну што я не бачыла на Акрэсціна? Усё адбылося так, як яно і павінна быць, як трэба было.

Зараз яшчэ ёсць пытанні, чаму вы так доўга яшчэ там жылі? Ну, вось так трэба было. Нават у побытавых рэчах трэба было вучыцца жыць нанова. Мне так падавалася з пачатку, што нічога са мной не адбылося, нічога не змянілася і ўсё будзе добра. А потым раз – і ты апынуўся ў простай побатавай сітуацыі і ты забыўся, як гэта рабіць, як уключаецца пральная машына, забыўся на тое, як яешню зрабіць. Яно вяртаецца, але гэта таксама такі стрэс.

РР: Вы гаворыце пра побатавыя такія рэчы, а пра рэчы ўспрыманняў? Ці ёсць такое расчараванне, што гэта ўсё было дарэмна, што мы не перамаглі?

– Расчараванне ў мяне было не ў тым, што ўсё дарэмна, ніколі такой рэчы ў мяне не было, і я за кратамі пра гэта дзяўчатам казала. Зразумела, што мы ўсе розныя, што ў нас розныя ступені таго, што магчыма і што немагчыма. Але калі дзяўчаты адзін раз выйшлі на марш, сфатаграфаваліся і апынуліся ў СІЗА, безумоўна, гэта вельмі цяжка. Яны там месяц, паўтары, два, і гэта цяжка. І гэта таксама страшныя месяцы, таму што ў цябе яшчэ не ўзнікла нейкай звычкі, яна не з’явілася, гэтая звычка, жыць у турме. І гэта цудоўна, яны паспелі спужацца. І мы ўсе гэта праходзілі, хто сядзеў доўгі час.

Самыя цяжкія першыя чатыры месяцы, ты яшчэ пакуль памятаеш сваё жыццё, а потым у цябе ўжо складваюцца гэтыя дні турэмныя і ты разумееш, што толькі ад цябе залежаць і твае паводзіны, і твой псіхалагічны стан, ні ад каго больш.

У мяне было расчараванне не ў тым, што я ў чымсьці ўдзельнічала, я і дзяўчатам тады казала, што не трэба абясцэньваць, што вы зрабілі, таму што кожны, хто зрабіў крок на вуліцы, хто выйшаў, як мог, зрабілі насамрэч вельмі вялізную справу. Безумоўна, у 2020 годзе ўсе спадзяваліся і было такое адчуванне, што нас так многа, у нас такое свята, мы ўсе разам і вось зараз мы ўсе пераможам.

А давайце згадаем колькі год спатрэбілася польскай “Салідарнасці” – дзевяць. І мы так доўга жылі і ў 2020 годзе прачнуліся. І ніякага расчаравання ў тым, што я рабіла, не было. Магчыма, трэба было ўключыць галаву і з’ехаць, напэўна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Нагадаем, 20 жніўня ў 2024-ым годзе Ксенію Луцкіну вызвалілі паводле так званага «памілавання», а 3 сакавіка з дапамогай каманды эвакуацыі BYSOL яна пакінула Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: zerkalo.io