BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Нікому ніколі не гарантаваная бяспека, калі ідзе размова пра беларускія спецслужбы”

Ці беларускія спецслужбы актывізавалі сваю дзейнасць за мяжой? Што рабіць у выпадку, калі вас спрабуюць завербаваць і шантажуюць бяспекай родных у Беларусі? Пра гэта ды іншае з прадстаўніком ініцыятывы BELPOL Уладзімірам Жыгарам размаўляе наша карэспандэнтка Яна Запольская.

РР: Як вы думаеце, з вашага досведу, з вашай інфармацыі, ці можна сказаць, што на сёння беларускія спецслужбы за мяжой актывізавалі сваю дзейнасць? Бо мы атрымліваем усё больш інфармацыі, і невядома, ці гэтую інфармацыю мы навучыліся выяўляць, ці сапраўды гэтая дзейнасць актывізавалася?

Уладзімір ЖыгарНа самой справе беларускія спецслужбы, спецслужбы Лукашэнкі, заўжды ў той ці іншай ступені актыўныя, проста не ўсе іх актыўнасці, скажам так, становяцца вядомымі і не ўсе яны сканцэнтраваныя на нейкім асобным участку. І ў гэтым і ёсць праблема, то бок шматлікія людзі бачаць, што тут нешта адбылося, там нейкага чалавека вылічылі і думаюць, што актыўнасць то падвышаецца, то паніжаецца. На самой справе беларускія спецслужбы заўжды актыўныя і заўжды збіраюць інфармацыю. І гэта ў нас утварае такую недаацэнку ворага. З-за гэтага таксама адбываюцца эксцэсы і нейкія такія моманты.

РР: А на што вы параіце вось у гэты момант звярнуць увагу? Вось апошнюю інфармацыю мы атрымалі, што да беларускіх актывістаў, журналістаў, дзеячаў заўважных за мяжой прыходзіць інфармацыя з прапановамі супрацоўніцтва ў абмен на бяспеку родных. Гэта штосьці новае ці гэта таксама нейкі новы метад? Якія яшчэ агульныя спосабы вярбоўкі ці іншай дзейнасці спецслужбаў вы б маглі назваць?

Уладзімір Жыгар: Гэта не з’яўляецца нечым новым, што яны рассылаюць там у Фэйсбуку ці Тэлеграме нейкія паведамленні. І кожны беларус, які знаходзіцца ў эміграцыі, павінен разумець, што рэжым Лукашэнкі заўжды падманіць. Ён заўжды падманвае, і заўжды падмане нават у такой сітуацыі. Нікому ніколі не гарантаваная бяспека, калі ідзе размова пра беларускія спецслужбы. Яны ніколі не выканаюць узятыя на сябе нейкія абавязацельствы.

Калі казаць пра метады і нейкія моманты вярбоўкі, то, канешне, людзей шантажуюць роднымі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Шантажуюць тым, што хтосьці з іх будзе звольнены, хтосьці будзе выключаны з нейкай вышэйшай навучальнай установы альбо наадварот прапаноўваць нейкае супрацоўніцтва, каб чалавека, роднага, уладкавалі на працу ці ўладкавалі ў нейкае ВНУ. Але гэта таксама падман, таму што свае абавязацельствы яны не выканаюць. І як толькі пагадзіцеся з імі працаваць, нават калі гэта будзе на ваш погляд нічога сур’ёзнага, нічога такога сверхскладанага, гэта вы ўжо пайшлі па дарожцы, якая ў выніку прывядзе вас у тупік. Таму што фактычна вы пачалі працаваць з беларускімі спецслужбамі. Шмат-мала, важная-не важная інфармацыя, але гэта супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі.

Канешне ж, пужаюць яшчэ тым, што, умоўна, дабяруцца да іх у Еўропе, не важна, дзе чалавек знаходзіцца. Прапаноўваць зноў жа зліваць нейкую нязначную інфармацыю, каб чалавека не чапалі ў замежжы. Але я пра гэта ўжо казаў, што верыць беларускім спецслужбам нельга, яны ў любым выпадку падмануць. І нават невялікае на ваш погляд дзеянне, не складанае, не небяспечнае, якое не мае для вас значэння, хутчэй за ўсё для беларускіх спецслужбаў важнае, і яно можа, напрыклад, дабавіць інфармацыі ў базу, у агульную карціну, якая дапаможа ім прасунуцца на крок наперад.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя