BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Няхай жывуць свабодныя медыя!

“Голас Амерыкі” і “Радыё Свабода” – у небяспецы. Сваім рашэннем прэзідэнт ЗША Дональд Трамп скараціў дзейнасць шэрагу федэральных агенцтваў. У гэты спіс трапіла і Агенцтва па справах глабальных медыя. “Ворагі Амерыкі адкаркоўваюць шампанскае” – каментуюць гэтае рашэнне ў свеце. Падрабязнасці ад Яны Запольскай.

Гэта робіць Маскву больш моцнай, а Амерыку – больш слабай. У свеце каментуюць дэкрэт Дональда Трампа, паводле якога спыняецца вяшчанне “Радыё Свабода” і “Голасу Амерыкі”.

– Ануляванне дамовы на фінансаванне для Радыё Свабода стане вялікім падарункам для ворагаў Амерыкі. Іранскія аяталы, кітайскія камуністычныя правадыры і аўтакраты ў Маскве і Менску будуць святкаваць упадак RFE/RL пасля 75 гадоў існавання. Аддача нашым праціўнікам перамогі зробіць іх мацнейшымі, а Амерыку – слабейшай, – так кіраўнік Радыё Свабодная Еўропа Стывэн Капус пракаментаваў рашэнне Трампа ў афіцыйным паведамленні радыёстанцыі.

Таксама ў паведамленні адзначаецца, што на працягу шматгадовай гісторыі Радыё Свабода гэтае медыя карысталася падтрымкай і рэспубліканцаў, і дэмакратаў ЗША. “Без нас амаль 50 мільёнаў чалавек у закрытых грамадствах, якія кожны тыдзень разлічваюць на нас у пытанні праўдзівай інфармацыі, не будуць мець доступу да праўды пра Амерыку і свет”.

“Голас Амерыкі” гучыць ад 1942 года, а Радыё Свабодная Еўропа функцыянуе з 1950 года. Іх існаванне каштавала цяпер Агенцтву па справах глабальных медыя ЗША 270 мільёнаў даляраў. Яны распаўсюджваюць інфармацыю на 49 мовах для сотняў мільёнаў чалавек.

У самы разгар “халоднай вайны”, у Мюнхене паўстала і беларуская рэдакцыя радыё, якая пасля распаду СССР была перанесеная ў 1995 годзе ў Прагу. Там штаб-кватэра гэтага ўплывовага і вядомага СМІ існавала да гэтага часу.

Пасля 2020 года “Радыё Свабода”, як і ўсе іншыя незалежныя медыя зазнала пераслед, бо менскі офіс быў разгромлены. Аднак журналісты працягвалі працу не толькі ў Празе, але ў Вільні ды іншых гарадах пасля вымушанай эміграцыі. Дзень 15 сакавіка 2025 года шакіраваў не толькі іх, але ўсю беларускую журналісцкую (і не толькі) супольнасць. ЗША, якія былі рупарам свабоды слова, флагманам у нясенні дэмакратыі ў свет, перастаюць быць надзейнай апорай для тых, хто змагаецца за дэмакратыю ў сваіх краінах, добраахвотна аддаючы лідарства Крамлю, дзе амаль штодня цяпер “адкаркоўваюць шампанскае”. Таксама, як і ў Менску. Рэжым столькі гадоў хацеў знішчыць “Радыё Свабода”, а тут “рукою Трампа” удалося гэта зрабіць у адно імгненне.

Верагодна, наперадзе будуць шматлікія абскарджванні і магчымыя судовыя працэсы. Але… пакуль ёсць як ёсць. Выказваем шчырыя словы падтрымкі калегам. Будзем разам, будзем салідарнымі!

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: RFE/RL