BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Нобелеўскія лаўрэаты папрасілі Трампа дапамагчы вызваліць палітвязняў у Беларусі

Група лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі звярнулася да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і іншых сусветных лідараў з заклікам неадкладна забяспечыць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, паведамляе svaboda.org.

Як гаворыцца ў звароце, цяпер у беларускіх турмах знаходзяцца больш за 1400 палітычных зняволеных, сярод іх кандыдаты ў прэзідэнты, настаўнікі, лекары, рабочыя, а таксама лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронца Алесь Бяляцкі. Адзначаецца, што сярод зняволеных цяжка хворыя і пажылыя людзі, а ўмовы іх утрыманьня можна назваць нечалавечымі. Некалькі палітвязняў ужо загінулі ў турме.

Заклік вызваліць палітвязняў і спыніць рэпрэсіі адрасаваны ўладам Беларусі. Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і лідараў Еўразвязу падпісанты звароту заклікаюць прыняць тэрміновыя і рашучыя захады для вызвалення палітвязняў, а грамадскіх дзеячоў і ўсіх «людзей сумлення» — падтрымаць кампанію за іх вызваленне.

Ліст падпісалі, у прыватнасці, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі ў літаратуры Святлана Алексіевіч і Герта Мюлер, Нобелеўскай прэміі міру Аляксандра Мацьвійчук і Дзмітрый Муратаў, лаўрэаты прэміяў у фізіцы, хіміі, медыцыне і эканоміцы — агулам 30 чалавек.