BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Нобелеўскую прэмію міру прысудзілі японскай арганізацыі

Нобелеўская прэмія міру 2024 года прысуджана японскай арганізацыі «Ніхон Хіданкё». Гэта масавы рух тых, хто перажыў атамнае бамбаванне Хіросімы і Нагасакі, таксама вядомую як хібакуся.

Арганізацыя, якая з’явілася ў 1956 годзе, ставіць адной са сваіх мэт забарону ядзернай зброі.

У аб’яўленні Нобелеўскага камітэта гаворыцца, што прэмія міру прысуджана за “намаганні па дасягненні міру, свабоднага ад ядзернай зброі, і за дэманстрацыю сведкавымі паказаннямі таго, што ядзерная зброя ніколі не павінна быць выкарыстаная зноў”.

У камітэце адзначылі, што хібакуся дапамаглі сфарміраваць і кансалідаваць шырокамаштабную апазіцыю ядзернай зброі ва ўсім свеце.

«Нарвежскі Нобелеўскі камітэт, тым не менш, хоча прызнаць адзін абнадзейлівы факт: ядзерная зброя не ўжывалася ў вайне амаль 80 гадоў. Выключныя намаганні «Ніхон Хіданкё» і іншых прадстаўнікоў хібакуся зрабілі вялікі ўнёсак ва ўсталяванне ядзернага табу. Таму трывожна, што сёння гэтае табу на выкарыстанне ядзернай зброі знаходзіцца пад ціскам», – падкрэслілі ў камітэце.