Па 500 даляраў ці еўра можна будзе зарабіць на новай беларускай забаўляльнай перадачы “Па 500”. Яна будзе запісвацца ў Вільні, бо яе прыдумалі сузаснавальніцы творчай прасторы CreateCulture Space. Дарэчы, зараз абвешчаны кастынг на вядоўцу гэтай новай гульнявой праграмы.

Сузаснавальніца творчай прасторы CreateCulture Space Надзея Ількевіч распавядае пра гэты медыяпраект:
— У лютым мы будзем запускаць медыяпраект — гульнявое шоу “Па 500”. Вось дзе можна праверыць свае веды пра Беларусь, пра сучасную Беларусь, пра гістарычныя падзеі і сучасныя, ці, можа, хто памятае нейкія тэлепраграмы. І прыз можна будзе выйграць па 500. Мы зараз робім кастынг, каб знайсці вядоўцу. Мы не прывязваемся да гендару, узросту. Галоўнае — каб чалавек адчуваў сябе добра, размаўляў на беларускай мове і меў добрае пачуццё гумару.
Таксама, паводле Надзеі Ількевіч, 8 лютага ў творчай пляцоўцы CreateCulture Space будзе арганізаваная яшчэ адна цікавая імпрэза пад назвай “Як дома”. Гэта будзе ўтульная вечарына з настольнымі гульнямі і хатняй вячэрай.
Беларускае Радыё Рацыя