
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіў новыя доказы сістэмных катаванняў і жорсткага абыходжання з беларусамі. У даследаванні раскрываюцца асобы сілавікоў ГУБАЗіК, адказных за катаванні і рэпрэсіі супраць мірных грамадзян. Гэта Аляксандр Алёкса, Валерый Высоцкі і Іван Тарасік. Яны кіравалі аперацыямі па затрыманнях, фабрыкацыі абвінавачанняў і ўжыванні катаванняў для атрымання прызнанняў. ГУБАЗіК сістэматычна прымяняў жорсткія метады ўздзеяння: пабоі, электрашокеры, прымяненне псіхалагічнага ціску; арганізацыя здымкаў т. з. «пакаяльных відэа», дзе затрыманых прымушалі публічна прызнавацца ў злачынствах, якіх яны не здзяйснялі; кантроль аперацый па запалохванні актывістаў і іх сем’яў. На думку праваабаронцаў, дзеянні ГУБАЗіК парушаюць міжнародныя нормы, замацаваныя ў Канвенцыі супраць катаванняў і Крымінальным кодэксе Беларусі. Іх можна кваліфікаваць як злачынствы супраць чалавечнасці. Прытым даследаванне падкрэслівае, што злачынствы ГУБАЗіК носяць сістэмны характар. Праваабаронцы настойваюць на прыцягненні вінаватых да адказнасці паводле прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі.