“Цягнік з Гародні”, “З беларускім чамаданам”, “Не ўвесь свет, што ў вакне”, “Еўрапейскі дзень”. Гэта няпоўны спіс тых новых перадач, якія можна паслухаць на нашым радыё. Якія важныя змяненні адбыліся ў працы Радыё Рацыя ў гэтую восень? І якія новыя праграмы з’явіліся? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае праграмны дырэктар Беларускага Радыё Рацыя Юрка Ляшчынскі ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Раскажыце пра вельмі важныя змяненні ў праграме нашага радыё.
Юрка Ляшчынскі: Першая і галоўная змена на нашым радыё. Польшча і Заходняя Еўропа пераходзяць на зімовы час і розніца паміж Польшчай і Беларуссю складае дзве гадзіны. Цяпер розніца ёсць, але мы, як радыё, як пачалі вяшчаць па польскім часе а 6-й гадзіне, так і вяшчаем а 6-й, бо год таму было а 5-й. Мы не перайшлі на гэты час, бо вялікая частка нашых слухачоў – гэта беларуская дыяспара, якая прыехала ў Беласток і яны не будуць прачынацца на гадзіну раней, каб паслухаць тое, што маглі паслухаць, жывучы ў Беларусі. Такая галоўная змена.
РР: То бок, Радыё Рацыя першае адмовілася ад пераводу гадзінніка?
Юрка Ляшчынскі: Так, адмовіліся мы ад пераводу гадзінніка дзеля слухачоў, якія ёсць па гэты бок мяжы. Мы разлічваем на слухачоў, якія і тут жывуць, і прадстаўнікоў дыяспары, якіх што раз больш у нас.
РР: Калі казаць пра змяненні ў праграме, што новага?
Юрка Ляшчынскі: Маем новыя праграмы, паступова іх уводзілі ад восеньскіх месяцаў. Музычная праграма “In the miks“. Аўтар — Лукаш Леанюк. Гэта мікс дыскатэчнай музыкі, усучасненай даўнейшай музыкі галоўных ды-джэяў Еўропы. Выходзіць па суботах а 21.05 польскага часу, пасля “Падляшскага канцэрту пажадання” можна паслухаць.
РР: Ці з’явіліся перадачы больш сур’ёзнага зместу, палітычныя ці грамадска-палітычныя?
Юрка Ляшчынскі: “З беларускім чамаданам” – гэта пра ранейшую беларускую эміграцыю. Аўтар — Уршуля Шубзда, выходзіць па чацвяргах – 9.35. Варта сказаць яшчэ пра перадачу, ізноў эмігранцкую, – гэта “Цягнік з Гародні”. Гэта гарадзенцы, якія апынуліся ў Беластоку, і таксама яе робіць гарадзенец, які таксама апынуўся ў Беластоку – Сяргей Апановіч.
Гэтыя перадачы ўжо запусцілі. Затое маем яшчэ дзве новыя перадачы, пра якія варта сказаць, – гэта “Еўрапейскі дзень“. Аўтар — Улад Грынеўскі (кожны будні дзень – а 21.10). І перадача “Не ўвесь той свет, што ў вакне“. Бо бачым адно, а ў сапраўднасці можа быць штосьці іншае. Аўтары — Якуб Сушынскі і Юрка Ляшчынскі, выходзіць па чацвяргах а 19.30. І яшчэ будзе перадача “Беласточчына — малая Бацькаўчына”. Суаўтары — Юрка Ляшчынскі і Міхал Андрасюк, выходзіць у чацвер і аўторак а 21.30.
Паслухаць новыя перадачы можна як у эфіры Радыё Рацыя, так і на нашым сайце ў раздзеле падкасты.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя