Ордэнам “За мужнасць” ІІІ ступені пасмяротна ўганаравана беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава.

Дакумент пра ўзнагароджанне быў падпісаны прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім 1 красавіка. Ордэн урачыста ўручылі падчас канферэнцыі “Новая Беларусь”, якая праходзіць у Варшаве, а атрымала яго ў рукі кіраўніца Беларускай місіі ў Празе Крысціна Шыянок, якая была даверанай асобай Марыі Зайцавай:
– Марыя Зайцава аддала сваё жыццё, змагаючыся супраць расейскай агрэсіі за незалежнасць Украіны, робячы такім чынам свой унёсак у барацьбу за будучую свабоду Беларусі. Усе гэтыя ахвяры павінны ўвайсці ў падручнікі гісторыі. У выпадку Машы мы ўвогуле мае сітуацыю першай беларускай ваяркі, якая загінула, у гісторыі сучаснай Беларусі, у нейкім сэнсе, нацыянальную трагедыю.

Ордэн, якім пасмяротна ўзнагародзілі Марыю Зайцаву, будзе захоўвацца ў Беларускай місіі ў Празе да таго часу, пакуль не з’явіцца магчымасць перадаць яго ў Беларусі маці загінулай дзяўчыны.
Уручэнне ордэна правёў Дмытро Грамакоў, прадстаўнік 2-га інтэрнацыянальнага легіёна ЗСУ:
– На мой погляд вельмі важная ўзнагарода для Беларусі. Таму што гэта азначае, што Украіна вызнае ролю часткі беларускага народа, якая стала поруч з намі на абарону нашай незалежнасці і свабоды. Такія падзеі дазваляюць нам захоўваць міжнацыянальны мір і ўзаемапавагу.
Марыя Зайцава загінула каля Пакроўска сёлета 17 студзеня. Ёй было 24 гады. Марыю пахавалі на кіеўскіх могілках побач з іншымі беларусамі, якія загінулі на вайне. Дзяўчына стала вядомай яшчэ ў 2020 годзе, калі свет абляцелі здымкі, на якіх яна была параненая святлошумавой гранатай.
Беларускае Радыё Рацыя






