У Менскім гарадскім судзе вынеслі прысуд 46‑гадовай кандыдатцы біялагічных навук Кацярыне Каляснёвай. Даследчыцу судзілі па ч. 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Кацярына, верагодна, атрымала «хатнюю хімію».

Каляснёва нарадзілася ў Гомелі. Скончыла біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2002) і пайшла па навуковай лініі. У 2005 годзе яна скончыла аспірантуру Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі Акадэміі навук і засталася працаваць у інстытуце — спачатку як малодшая навуковая супрацоўніца, пасля як старшая навуковая супрацоўніца, піша «Наша Ніва».
У 2009 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю, у 2011 годзе мела стыпендыю Лукашэнкі для таленавітых маладых навукоўцаў.
З 2015 да 2021 года Каляснёва працавала ў Навукова-практычным цэнтры гігіены. Мае больш за 70 навуковых публікацый.






