У нармальных, цывілізаваных краінах грамадзянская супольнасць не толькі мае права, але і абавязак уплываць на сваё жыццё, вызначаць яго кірунак, быць удзельнікам, а не маўклівым назіральнікам. На вялікі жаль усяго развітага свету, насельніцтва РФ пазбаўлена свайго “я”, паколькі з’яўляецца адбіткам дзяржаўнай палітыкі і яе прапагандысцкай машыны. Яго няцяжка падмануць, болей за тое — яно шчаслівае быць ашуканым. Бо праўда, як вядома, часта патрабуе мужнасці, а хлусня дазваляе спаць спакойна, бо яна ім замяняе праўду.
Так, ёсць у Расеі палітычна апазіцыйная меншасць: тут гаворка не пра эфектыўнасць, а хаця б пра імкненне. Таксама ёсць меншасць абсалютных «фашызоідаў»: яны прагнуць украінскай крыві, пагражаюць адпомсціць усёй Еўропе і бамбаваць Вашынгтон.
Праўда, ў святле апошніх падзей песенька “Медаль за город Вашингтон”, што некалі гуляла па расейскім ТБ, ужо неактуальная. Большасць жа насельніцтва – тая самая “маўклівая большасць” – прымае ўсё, што скажуць зверху, як непарушны загад, то бок «пад казырок». Таму што, як ні круці, прапагандысцкая машына – самы вялікі поспех РФ у ваенны час (нягледзячы на пераважнае міжнароднае асуджэнне і эканамічную ізаляцыю). Не ракеты, не танкі, а тэлевізар. Ён не толькі фарміруе рэчаіснасць, ён яе замяняе.
І нават калі заўтра Крэмль абвесціць: “Канец! Сыходзім з Украіны! Трэба каяцца, прасіць прабачэння і плаціць», гэтая ж самая большасць адгукнецца статкавым рэхам: «Так, усё правільна, мы сапраўды думаем гэтак жа».
Бо ім заўсёды патрэбны нехта, каб глядзець яму ў рот. Ці то цар, ці то правадыр. Або проста гаспадар.
Ліза Ахроменка