Госць Беларускага Радыё Рацыя Максім Знак – беларускі юрыст, адвакат і палітычны актывіст – быў членам каардынацыйнай рады штаба кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі. За сваю дзейнасць, звязаную з абаронай правоў чалавека і дэмакратычнымі ініцыятывамі, правёў больш пяці гадоў у зняволенні, з іх два гады – у рэжыме інкамунікада. У зняволенні напісаў дакументальны раман «Зэкамерон». Мы пагаварылі з Максімам пра яго кнігу – першы літаратурны вопыт у няволі.

РР: Ваша назва кнігі адсылае да “Дэкамерона” Бакача, дзе людзі ратуюцца ад чумы аповедамі. Ваша гісторыя – гэта спосаб перажыць чуму несвабоды?
Максім Знак: Гэта добры варыянт тлумачэння назвы. Там сапраўды сто гісторый. Гэта не тыя гісторыі, якія, як у Бакача, распавядаюць адно аднаму. Гэта тыя гісторыі, якія адбываюцца ў нейкім месцы, якое вельмі дзіўнае, і гэта хутчэй, калі параўноўваць з італьянцам, падобна на тое, як ладзіў Віргілій экскурсію па пекле для чытача Дантэ.
РР: У кнізе ў вас шмат увагі надаецца дыялогу, у якім аўтар як бы сам адсутнічае. Ці гэта быў свядомы літаратурны прыём, каб даць голас вашым сукамернікам, паказаць іх чалавечнасць і складанасць?
Максім Знак: Думаю, што гэта быў свядомы літаратурны прыём, мне падавалася, што дыялогі – гэта якраз і ёсць адно тое жывое, што там у гэтых мясцінах застаецца. То бок усё астатняе такое спецыфічнае, а вось дыялогі – гэта эмоцыі, якія спрэсаваныя ў словы. Калі мы спрабуем гэтыя эмоцыі паказаць, то лепш за дыялог нічога нельга прыдумаць. Да таго ж у мяне былі абмежаванні да аб’ёму кожнага апавядання. І калі да дыялогу дадаваць яшчэ штосьці іншае, то мы ўжо вылазім за межы гэтага фармату, які быў зададзены. Таму тут такі выпадак, калі дапамог фармат атрымаць гэтую шчыльнасць тэксту і шчыльнасць думак.
РР: Вашы тэксты паказваюць турэмны свет. Як самабытную супольнасць са сваімі законамі, мовай. Ці змянілася ваша ўспрыманне гэтай супольнасці і яе насельнікаў з часам ад СІЗА да калоніі?
Максім Знак: Ведаеце, у “Зэкамероне” можна сказаць тое, што ў чалавека адбываецца ў галаве цягам двух-трох тыдняў. То бок ён яшчэ не ведае гэтага сусвету. Шмат таго, што там падаецца і што там апісана, – гэта толькі нейкія кавалачкі таго сусвету. І вось калі вы кажаце пра законы, пра тое, як усё ўладкавана, там гэтага няма, і няма гэтага свядома. То бок, не зважаючы на тое, што я ведаў, як усё ўладкавана, я гэтыя моманты не закранаў, таму што не гэтая была мэта.
Што датычыцца таго, як успрымае гэты свет чалавек цягам часу, канешне, па-рознаму. То бок ён сталее ў гэтай сістэме, і ён гэтую сістэму пачынае – хтосьці з замілаваннем ставіцца да таго, што там адбываецца, хтосьці заўсёды з крытыкай, хтосьці па сярэдзіне глядзіць, але ў кожнага свае адносіны да таго, што адбываецца і ў СІЗА, і ў калоніі. Ды і пасля вызвалення людзі па-рознаму глядзяць на сусвет
Але гэта такі ідэалізаваны варыянт першых нейкіх першых уражанняў, знаёмства з гэтым сусветам без чорнага, без гэтага чырвонага, а вось такое, як ёсць.
Цалкам гутарка:


Беларускае Радыё Рацыя






