Як у цывілізаванай дзяржаве, што валодае ўсімі прыкметамі дэмакратыі, украінцы крытыкуюць уладу: апазіцыйныя медыя і вайскоўцы на перадавой, творчыя эліты і звычайныя грамадзяне. Аднак, якой бы шырокай ні была гэтая крытыка, ва ўмовах поўнамаштабнай расейскай агрэсіі для ўсіх застаецца адна мэта – выгнаць акупантаў са сваёй зямлі. Хоць вядомыя выпадкі, калі крытыка ўлады набывала зусім іншыя формы – дакладней, пад яе маскай хавалася банальная здрада Радзіме і народу.

Нацгвардзеец, нараджэнец Чарнігаўскай вобласці, з жніўня 2023 афіцыйна лічыцца зніклым без вестак. У 2024 годзе раптоўна «ўсплывае» ў расейскіх прапагандысцкіх відэа, дзе распавядае, як патрапіў у палон, а пасля прыняў прапанову аб далучэнні да аднаго з батальёнаў у складзе так званага добраахвотніцкага корпуса Мінабароны РФ. Адметна, што батальён складаецца з былых украінскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон і былі далучаныя да варожага войска. Пакуль невядома, добраахвотна ці прымусова, але, мяркуючы па колькасці – каля 200 чалавек у падраздзяленні, – лагічна было б думаць, што добраахвотна, бо колькасць украінскіх ваеннапалонных у дзясяткі разоў большая. І на чале батальёна стаяць вядомыя Украіне калабаранты.
У прапагандысцкім відэароліку былы нацгвардзеец разважае пра барацьбу за свабоднае ад «заходняй дэгенератыўнай мярзоты» жыццё, пра блізкія кожнаму ўкраінцу традыцыйныя каштоўнасці (нічога не нагадвае?) і пра тое, што не хоча ваяваць за «продажную» ўкраінскую ўладу. Ні слова пра акупацыю сваёй зямлі ворагамі, пра забойства імі мірных жыхароў. Тут няма мэты вызваліць краіну ад акупантаў, наадварот – стаць з імі ў адзін шэраг.
Вядома, адназначна ацаніць сапраўдную «добраахвотнасць» рашэння ваеннапалонных далучыцца да арміі праціўніка практычна немагчыма, улічваючы, што іх утрымліваюць ва ўмовах прыніжэння, ізаляцыі і катаванняў. Таму ў кожным канкрэтным выпадку неабходна расследаванне. Для ўкраінцаў барацьба з падвойным дном, на шчасце, – выключэнне, а не правіла. Бо мэта адна.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






