Палітычная зняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк абскарджвае апошні прысуд — але яго абскарджвае і пракуратура. Паўтара месяца таму Паліне дадалі год калоніі. Гэта быў ужо трэці прысуд па арт. 411 за нібыт «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Паводле берасцейскай «Вясны», на 13 снежня ў Гомельскім абласным судзе прызначаны разгляд апеляцыйнай скаргі на гэты апошні прысуд Паліне. Але адначасова, па інфармацыі крыніц «Вясны», вынесены Паліне прысуд абскарджвае і Гомельская абласная пракуратура.
Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 года і з таго часу знаходзіцца за кратамі. За час зняволення ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, з’явіўся хранічны панкрэатыт. На волі жанчыну чакае двое сыноў і муж.