Мы пагаворым з госцяй Беларускага Радыё Рацыя былой палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк яшчэ пра адну нявольніцу рэжыму Лукашэнкі – палітзняволеную юрыстку Вікторыю Кульшу, якая па здароўі знаходзіцца ў крытычным стане ў Рэчыцкай калоніі для жанчын-рэцыдывістак. За адмову зняцца ў прапагандысцкім фільме яе асудзілі па славутым артыкуле 411 – злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі ў чацвёрты раз.

РР: На якой падставе палітзняволенай Вікторыі Кульшы прысудзілі дадатковы год у калоніі?
Паліна Шарэнда-Панасюк: Вікторыя Кульша з пункту гледжання лукашыстаў адносіцца да тых закладнікаў, так бы мовіць vip-закладнікаў, якімі можна гандляваць на высокім узроўні, паколькі гэта медыйны чалавек, паколькі гэта жанчына. Калі мы бачым, што “ламаюцца” мужчыны, яны на працягу пяці год не могуць зламаць жанчыну. І гэта іх раз’юшвае – як так? У такіх умовах мы яе трымаем, а яна як адмаўляла на самым пачатку ісці з імі на кампраміс, даваць вось гэтыя пакаяльныя інтэрв’ю, паклёпнічаць на іншых палітзняволеных, так яна і працягвае гэта рабіць. То бок гэта цвёрды чалавек.
Вы ж разумееце, што псіхалагічная асаблівасць гэтага рэжыму, які за ўзор бярэ псіхапатычны тып Лукашэнкі, што ім не дастаўляе асалоды зламаць слабога, ім дастаўляе асалоду ламаць моцных людзей. Гэта яны робяць з моцным чалавекам. Вікторыя Кульша вельмі моцная як жанчына і як чалавек, і як палітык. Яна засталася на прынцыпах 2020 года. Яна называе сябе палітзняволенай, яна называе іх злачынцамі, якія выконваюць злачынныя загады. Яна на гэтым стаіць амаль усе пяць год.
РР: Можа быць патрэбна было змяніць тактыку, схітрыць, каб выйсці хутчэй. І гэта, можа, было б лепей, бо катам нічога не дакажаш.
Паліна Шарэнда-Панасюк: Я думаю, што Вікторыя разумее, што катам нічога не дакажаш, і даказваць яна ім, напэўна, нічога і не збіраецца. Для Вікторыі важна захаваць сябе. Яна ведае, хто яна. І для яе, напэўна, нашмат цяжэй было б пайсці на гэтую хітрасць. Таму што яна ведае, што за гэтым будзе, як гэта выставіцца, як успрымуць гэта еўрапейцы, напрыклад, якія выказвалі сваю падтрымку. Зрабіўшы вось гэта, будзе нашмат псіхічна для яе цяжэй. А зараз яна ведае, што не здраджвае сама сабе.
РР: Вікторыю чакаюць дзеці, сям’я на волі?
Паліна Шарэнда-Панасюк: Так, у яе ёсць дачка. Мы ўсе гэта разумеем, але мы разумеем тое, што свабода не падносіцца на сподачку, яна не падносіцца маханнем кветачак. За свабоду аддаюць жыцці, за свабоду ахвяруюць сваім жыццем, ахвяруюць вельмі часта сям’ёй. На жаль, так адбываецца, але гэта кошт свабоды.
Я не ведаю, ці варта плаціць за свабоду такі кошт, але людзі плацяць. Яны плацілі тысячы год таму, я думаю, што і праз тысячы год гэта будзе таксама.
Ёсць такія рэчы, такія каштоўнасці, за якія людзі ідуць проста на эшафот.
Цалкам гутарка:
Нагадаем, Вікторыю Кульшу затрымалі 4 лістапада 2020 года, у лютым 2021 года асудзілі да 2.5 гадоў калоніі за нібы актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
З госцяй Радыё Рацыя Палінай Шарэндай-Панасюк размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя






