BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паліна Шарэнда-Панасюк пра палітвязынак

Былая палітзняволеная, грамадская актывістка  Паліна Шарэнда-Панасюк з´яўляецца голасам палітзняволеных жанчын Рэчыцкай калоніі №24, якіх асабліва прэсуюць у калоніі для жанчын-рэцыдывістак. Хто гэтыя жанчыны, чаму іх “прэсуюць” і чаму гэта калонія з´яўляецца эпіцэнтрам тэрору? Распавядае Госця Беларускага Радыё Рацыя Паліна Шарэнда-Панасюк.

Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.
Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

РР: Паліна, што вы ведаеце цяпер пра тых палітзняволеных, якіх “прэсуюцьу рэчацкай калоніі для жанчын-рэцыдывістак?

Паліна Шарэнда-Панасюк: На сёння я скажу адназначна, што рэпрэсіі і гэты тэрор працягваецца. З інфармацыі, што стала вядомай, гэта тое, што Алена Гнаўк дагэтуль знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу, скарочана ПКТ. Таму што ўвесну ёй працягнулі гэтае ПКТ за кошт таго, што кінулі на 15 сутак у ШІЗА. А кінулі ў ШІЗА за тое, што яна пачаставала на 8 сакавіка людзей цукеркамі. Вось за гэта чалавека кінулі ў ШІЗА. Таксама яе трымаюць у атачэнні псіхічна-хворых зняволеных. Ёсць такія звесткі, што Алену Гнаўк б’юць вось гэтыя псіхічна-хворыя ў ПКТ. Чалавеку ўжо 68 год.

Працягваецца ранейшая палітыка адміністрацыі гэтай калоніі, калі палітзняволеных для дадатковага ціску змяшчаюць не проста ў памяшканне камернага тыпу, а змяшчаюць іх разам з псіхічна-неадэкватнымі, псіхічна-хворымі ды іншымі зняволенымі, як гэта было ў маім выпадку, калі мяне трымалі з забойцамі з праблемамі з псіхікай. Вось гэта паўтараецца з Аленай Гнаўк.

Такая ж цяжкая сітуацыя ў Вольгі Маёравай, яна па-ранейшаму знаходзіцца пад абсалютнай забаронай на перадачы ад родных і грашовых пераводаў ад родных. Я думаю, што менавіта пад інфармацыйным ціскам, калі пашлі навіны, што гэтыя жанчыны там утрымліваюцца і ў якіх умовах іх трымаюць у закладніках, калонія, так бы мовіць, праверылі зрок Вользе Маёравай, і быў выстаўлены дыягназ – ірыдацыкліт. Гэта небяспечная хвароба, якая, калі няма лячэння, вядзе да слепаты.

Таксама з’явілася інфармацыя, што яшчэ адна палітзняволеная знаходзіцца ў гэтай калоніі  – гэта Анастасія Пакаташкіна, якой далі тры гады за тое, што яна праявіла салідарнасць і пералічыла кудысьці грошы.

Ну, і Вікторыя Кульша, у якой 1 жніўня скончылася так званая апеляцыя. Зразумела, што гэта нічога не змяніла, што гэта ўсё-такі дэкаратыўныя паперкі. Незаконны, злачынны прысуд – 1 год і 5 дзён.

Па сваім досведу я магу сказаць, што этапы ў гэтую калонію з Гомельскага СІЗА адбываюцца кожныя 6 дзён без выхадных. Мяркуючы па той палітыцы, якая была адносна мяне, адносна Вікторыі апошніх пару год, калі фабрыкавалі 411 артыкул, існаваў наўпроставы загад, каб нас, як мага хутчэй пасля сканчэння гэтай апеляцыі ў самыя ж першыя дні зноў перавесці ў гэтую калонію. І палітзняволеных адразу першым жа этапам адпраўляць у калонію ў Зарэчча. І калі звычайныя палітзняволеныя могуць чакаць этапу два-тры тыдні, нават больш, то мяне і Вікторыю Кульшу, быў загад адразу, першам жа этапам пасля сканчэння так званай апеляцыі зноў вяртаць у гэтую калонію. Гэта робіцца з мэтай, таму што па 411 артыкуле адміністрацыя гэтай калоніі ўжо распрацавала графік фабрыкацый. Яны там сядзяць, вылічваюць дні, калі чалавек прыедзе, і ад гэтага ўжо пачынаецца фабрыкацыя.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя