BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паліна Шарэнда-Панасюк прыехала ў Вільню (абноўлена)

Паліна Шарэнда-Панасюк выехала з Беларусі і сёння, 6 лютага, прыехала ў Вільню. На вакзале яе чакалі муж Андрэй Шарэнда і шмат іншых беларусаў. Былая палітзняволеная ўпершыню за чатыры гады абняла мужа.

Гаворыць Паліна Шарэнда-Панасюк:

-Усе гады, што я была за кратамі, я вельмі доўга ўяўляла гэты момант. Вялікі вам усім дзякуй! Гэта як уваскрашэнне з мёртвых. У пэўны момант я думала, што ўжо ніколі не выйду. У 2020 годзе мы не дарабілі справу. Мы мусім дарабіць гэтую справу. Мы мусім ствараць новую нацыю. Жыве Беларусь!

«Нічога не скончылася, — сказала Паліна Шарэнда-Панасюк. — Скончыцца, калі ўсе выйдуць». Яна заклікала рабіць усё магчымае, каб вызваліць людзей з-за кратаў. Таксама Паліна сказала, што плануе даць прэсавую канферэнцыю і адказаць на ўсе пытанні.

***

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая выйшла на волю ў суботу, выехала з Беларусі і хутка сустрэнецца з блізкімі. «Паліна ў бяспецы! Сёння будзем яе сустракаць!», — напісаў яе муж Андрэй Шарэнда ў фэйсбуку.

1 лютага стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю пасля заканчэння чацвёртага тэрміну. За кратамі яна правяла чатыры гады і адзін месяц.

Паліна Шарэнда-Панасюк была затрыманая ў студзені 2021 года і ў чэрвені прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулад – абраза Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, гвалт у дачыненні да міліцыянта.

Адбываць пакаранне яе адправілі ў жаночую калонію № 4 У Гомелі.

Яна павінна была выйсці на волю ў 2022 годзе, але ёй двойчы дадавалі па году калоніі.