BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паліна Шарэнда-Панасюк з пачатку года 70 дзён правяла ў ШІЗА

Андрэй Шарэнда, муж палітвязня Паліны ШарэндыПанасюк распавёў пра ўмовы гомельскага СІЗА, у якім знаходзіцца зараз яго жонка. Ён адзначае, што туды яна прыехала «амаль без рэчаў» і выказвае меркаванне, чаму так магло здарыцца.

«Паліна зноў у душнай камеры гомельскага СІЗА. Невыносная спякота, вільготнасць і непрыемны пах з туалета. Пах, які не перабівае нават зʼедлівы дым танных цыгарэт. Цяжка дыхаць, пот льецца ручаямі. А душ толькі раз на два тыдні. Лета ў камеры СІЗА – гэта катаванне. Асабліва для жанчыны. А Паліна знаходзіцца ў СІЗА ўжо чацвёрты раз. Чацвёртая крымінальная справа і бясконцы «год сурка», – напісаў ён у Facebook.

Па ягоных словах, з пачатку года Паліна 70 дзён правяла ў штрафным ізалятары. «Фізічны і маральны ціск. Шэсць месяцаў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. Мы нават блізка не ведаем, чым Паліне пагражалі, што з ёй рабілі, каб зняць тое прапагандысцкае відэа», – выказаў меркаванне Андрэй Шарэнда.

Нагадаем, Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці на волю 21 траўня, але 7 чэрвеня высветлілася, што яе перавялі з калоніі ў СІЗА і прадʼявілі новае абвінавачанне – у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі. Гэта яе трэцяе абвінавачанне па гэтым артыкуле.