BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паліна Шарэнда заклікала выратаваць жыцці палітзняволеных Вікторыі Кульшы і Вольгі Маёравай

Вікторыя Кульша рэальна можа стаць першай жанчынай-палітзняволенай, якая памрэ ў засценках “лукашэнкаўскага ГУЛАГу”. Яна годна трымаецца, але ў яе ўжо адказваюць ныркі.

Сказала былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк падчас прэс-канферэнцыі ў Вільні. Яна разам з Вікторыяй адбывала свой тэрмін зняволення ў калоніі №24 у Зарэччы Рэчыцкага раёна.

Вікторыя Кульша, фота з адкрытых крыніц

Паліна просіць незалежныя СМІ, дыпламатаў і еўрадэпутатаў, каб гісторыя Вікторыі Кульшы не знікала з парадку дня:

-Вікторыя Кульша – чалавек, перад якім нават я схіляюся. Таму што яна не здаецца, нягледзячы на тое, што ў яе вельмі цяжкі стан здароўя. Яна трымала галадоўкі месяцамі. Чалавек адмаўляўся ад ежы, яе кідалі ў ШІЗА. Там яна працягвала галадоўку. Каб вы разумелі, у ШІЗА ты знаходзішся проста ва ўмовах, якія можна параўнаць з падваламі НКВД.

Вольга Маёрава. Фота з facebook.com

Як кажа Паліна Шарэнда-Панасюк, вельмі цяжкі стан і ў палітзняволенай Вольгі Маёравай:

-Рэжым перакрыў ёй любую мажлівасць атрымаць нейкія рэчы. Пасылкі да яе не даходзяць, бо яна лічыцца “тэрарыстам”. Яна не можа мыцца шампунем, мылам і так далей. Рваннё ёй там выдалі і ў гэтым хадзіць яна мусіць год за годам. Не ўлічваючы ціску як з боку адміністрацыі калоніі, так і ціску з боку жанчынаў, якія там знаходзяцца. Вольга Маёрава размаўляе па-беларуску ў калоніі. За мову таксама церпіць кпіны, гэта дыскрымінацыя зноў жа беларускай мовы.

Паводле Паліны Шарэнды-Панасюк, палітвязняў на самой справе тысячы ў засценках лукашэнкаўскіх турмаў, а не крыху больш, чым 1200 чалавек. Проста людзі самі баяцца вызнаваць сябе такімі або па прычыне запалохвання іх сваякоў.

А калі браць абагульнена, то палітвязень – гэта ўвесь беларускі народ, які застаўся ў закладніках у гэтага тэрарыстычнага рэжыму, – кажа былая палітзняволеная.

Беларускае Радыё Рацыя