BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Палітвязень Віктар Бабарыка істотна змяніўся знешне

Рэпрэсіі ў Беларусі. Экс-банкір і прэтэндэнт на прэзідэнцтва на выбарах 2020 года ў Беларусі Віктар Бабарыка моцна схуднеў за час зняволення.

Пра гэта распавёў выданню «Люстэрка» былы палітвязень Аляксей. Аляксей быў асуджаны па «справе Зельцара» і адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі. Паводле Аляксея, ён бачыў Бабарыку некалькі разоў здалёк, калі быў на каранціне — палітыка звычайна адпраўлялі ў санчастку позна ўвечары, пасля праверкі. 

Цытата: «Важыць, напэўна, кілаграм 80, а то і менш. Хлопцы кажуць, што ён пасівеў, вельмі моцна пастарэў, выглядае нядобра. Калі год таму трапіў у лякарню, хадзілі чуткі, што былі зламаныя рэбры і адно з іх прабіла лёгкае».

Акрамя Віктара Бабарыкі, з вядомых палітвязняў у наваполацкай калоніі знаходзяцца журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік, журналіст, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут, мэдыяменеджар Андрэй Аляксандраў. Ігар Лосік намінальна лічыўся ў атрадзе Аляксея, але мужчына асабіста яго не бачыў, бо журналіст увесь час знаходзіцца ў штрафным ізалятары (ШЫЗА) ці памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Вязні з яго атрада называюць Лосіка «моцным чалавекам». 

Былы зняволены кажа, што да Пачобута і яшчэ аднаго грамадзяніна Польшчы, які там утрымліваецца, прыязджаў консул, але наўпрост казаў, што нічога зрабіць яны не могуць.

Беларускае Радыё Рацыя