Марыне Золатавай прысудзілі міжнародную прэмію Ёхана-Філіпа Палма. На прэмію галоўнага рэдактара TUT.BY намінавала праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў”.
Разам з Марынай Золатавай яе таксама атрымае афганская рэдакцыя Zan Times. Уручэнне пройдзе ў снежні ў нямецкім горадзе Шорндорф, піша Deutsche Welle.
“Перад абліччам велізарных перашкод і рэпрэсіўных мер Марына Золатава паказала сябе як чалавек незвычайнай мужнасці і сумленнасці”, — лічаць “Рэпарцёры без межаў”.
Марыну Золатаву затрымалі тры гады таму, 18 траўня 2021 года, падчас пагрому TUT.BY. У сакавіку 2023 года яе разам з гендырэктарам Людмілай Чэкінай суд прыгаварыў да 12 гадоў пазбаўлення волі. Прызначаны тэрмін яны адбываюць у калоніі ў Гомелі.