Як стала вядома ад мужа палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэя Шарэнды, 9 верасня следчыя дзеянні па чарговай крымінальнай справе Паліны за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі скончаныя. Паліну чакае судовы працэс на працягу двух-трох тыдняў ці на працягу месяца.

9 верасня Паліне далі на кароткі час азнаёміцца са справай, хаця яна прасіла для гэтага больш часу, але ёй не дазволілі. Справа ўжо адпраўлена ў пракуратуру, а пазней паступіць у суд. Сёння родныя даведаліся, што Паліна ўжо этапаваная з Рэчыцкага ІЧУ зноў у СІЗА №3 Гомеля, дзе яна будзе знаходзіцца да суду. На пытанне пра здароўе і магчымасць перадаць ёй перадачу адміністрацыя з СІЗА паведаміла, што Паліна адразу на 10 сутак змешчана ў карцар, куды не дазволеныя перадачы. Нягледзячы на кепскі стан здароўя палітзняволеная зноў будзе толькі на бедным турэмным рацыёне. Паводле Андрэя Шарэнды, Паліну працягваюць забіваць.
Нагадаем, што Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана ў пачатку студзеня 2021 г. І асуджана да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Двойчы ёй падаўжалі тэрмін за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Цяпер яе зноў абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні.
Аліна Андрыевіч Беларускае Радыё Рацыя






