Ксёндз Анджэй Юхневіч ведаў, што яго могуць пераследваць, і свядома браў на сябе рызыку. Гэта вынікае са слоў, апублікаваных на сайце місіянераў-аблатаў у ЗША, піша «Хрысціянская візія».

«Напісаўшы гэта, я рызыкую быць прыцягнутым да адказнасці перад беларускім судом, але мне б хацелася, каб гэтае пярэчанне было пачутае публічна. Попел на нашы галовы, на дадзеным этапе гісторыі для многіх беларусаў гэты жэст не толькі сімвалічны, але і выяўляе ўнутраны стан: перажыванне глыбокага сораму і дэпрэсіі. Бо з нашай краіны, з нашай зямлі ідуць вайсковыя атакі расейцаў, правакацыі і генацыд украінскага народа”, – напісаў ксёндз Анджэй Юхневіч.
У сваім тэксце, напісаным да затрыманьня, ксёндз выказвае глыбокую салідарнасць і духоўную падтрымку ўсяму ўкраінскаму народу. Святар паведамляе, што разам з прыхаджанамі вырашыў штодзённа маліцца за неадкладнае спыненне вайны ва Украіне.
Нагадаем, што Анджэя Юхневіча затрымалі 8 траўня і затым некалькі разоў запар прысуджалі па 15 сутак арышту. У пачатку ліпеня стала вядома, што яго пераводзяць з ІЧУ ў СІЗА. Супраць святара распачата крымінальная справа. Дагэтуль застаецца невядомым, што менавіта яму інкрымінуецца.






